Беларуска-расейскую мяжу перакрыюць для неплацельшчыкаў

Ілюстрацыйнае фота

Расея і Беларусь вядуць перамовы пра тое, каб перакрыць магчымасьць выезду за мяжу даўжнікам. Пра гэта піша газэта «Коммерсант».

Карыстаючыся адсутнасьцю пунктаў пропуску паміж краінамі, злосныя неплацельшчыкі абыходзяць устаноўленыя ў дачыненьні да іх абмежаваньні.

«Найбольшая плынь даўжнікоў ідзе празь Беларусь, уезд і выезд зь якой рэгулююцца дамовай аб стварэньні Саюзнай дзяржавы, — адзначае адказны сакратар Савета па правах чалавека пры прэзыдэнце РФ Яна Лантратава. — Акрамя таго, перасекчы мяжу можна праз Казахстан і Кіргізстан».

Як паведамляе выданьне, праца па прадухіленьні выезду даўжнікоў празь Беларусь ужо вядзецца. У расейскім Мін’юсьце заявілі, што цяпер рыхтуецца праект пратаколу «Аб парадку абмену зьвесткамі аб грамадзянах Расеі і Беларусі, у дачыненьні да якіх дзейнічаюць абмежаваньні на выезд».

«Пасьля завяршэньня ўнутрыдзяржаўных працэдур і падпісаньня пратаколу ўсталяваны парадак абмену зьвесткамі дазволіць выключыць выпадкі выезду даўжнікоў праз тэрыторыю Беларусі», — паведамілі ў Мін’юсьце.