У Казахстане затрымалі яшчэ аднаго падазраванага ў тэрактах у Актобе

Інфармацыя з сайта МУС Казахстана пра людзей, якіх шукаюць з-за тэрактаў у Актобе

У Акцюбінскай вобласьці Казахстана ў ходзе спэцапэрацыі затрымалі падазраванага ў зьдзяйсьненьні тэрактаў у Актобе. Пра гэта ў сераду паведаміў прэс-сакратар МУС Казахстана Алмас Садубаеў. Такім чынам, колькасьць затрыманых павялічылася да дзевяці. Цяпер паліцыя шукае яшчэ шасьцярых падазраваных ва ўдзеле ва ўзброеным нападзе ў Актобе.

5 чэрвеня ў МУС Казахстана паведамілі, што «група рэлігійных радыкалаў» напала на дзьве крамы зброі і вайсковую частку ў Актобе. У выніку нападу загінулі 19 чалавек (у тым ліку 13 тых, хто нападаў), яшчэ 38 былі параненыя.

Пасьля нападаў пачалася антытэрарыстычная апэрацыя ў Казахстане, у Актобе абвясьцілі «чырвоны» ўзровень тэрарыстычнай пагрозы.

Адказнасьць за напад узяла на сябе так званая «Армія вызваленьня Казахстана», аднак спэцслужбы Казахстана абверглі існаваньне такой арганізацыі.