Amnesty International патрабуе скасаваць сьмяротны прысуд Вострыкаву

Пэрформанс у Менску за адмену сьмяротнай кары. Архіўнае фота.

Праваабарончая арганізацыя Amnesty International зьвярнулася з заклікам падпісаць пэтыцыю ў абарону Сяргея Вострыкава, асуджанага 19 траўня да сьмяротнага пакараньня.

У суправаджальным тэксьце Amnesty International паведамляецца, што Сяргей Вострыкаў быў асуджаны на сьмерць за падвоенае забойства і згвалтаваньне. Гэта ўжо трэці сьмяротны прысуд у Беларусі сёлета.

«Беларусь зьяўляецца адзінай краінай у Эўропе і Цэнтральнай Азіі, якая працягвае ўжываць сьмяротнае пакараньне. Amnesty International выступае супраць сьмяротнага пакараньня ва ўсіх выпадках без выключэньня, як парушэньня права на жыцьцё, абвешчанага ва Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. Гэта ў канчатковым выніку жорсткае, бесчалавечнае і прыніжаючае годнасьць пакараньне» — гаворыцца ў суправаджальным лісьце праваабарончай арганізацыі.