Расейская і сырыйская авіяцыя нанесла новыя ўдары па кварталах Алепа

Алепа ў дні канфлікту, 30 траўня 2016 году

Інфармацыя пра страты сярод мірнага насельніцтва адрозьніваецца ў залежнасьці ад крыніц, але загінулых, па ўсёй верагоднасьці, дзясяткі.

Жыхары найбуйнейшага сырыйскага горада Алепа і праваабарончыя актывісты, якія вядуць маніторынг баявых дзеяньняў, паведамілі, што расейская і сырыйская ваенная авіяцыя нанесьлі ўдары па кварталах, якія знаходзяцца ў руках узброенай апазыцыі.

Толькі за адзін дзень, 5 чэрвеня, жыхары Алепа налічылі ў горадзе і ваколіцах каля 50-ці авіяўдараў. Як паведамляе Сырыйскі праваабарончы цэнтар, які базуецца ў Вялікабрытаніі і мае сетку інфарматараў ў рэгіёне канфлікту, ня менш за 16 мірных жыхароў сталі ахвярамі авіярэйдаў у нядзелю.

Агенцтва Reuters паведамляе, што ахвярамі авіяналётаў у раёнах горада, якія знаходзяцца пад кантролем узброенай апазыцыі, сталі ня менш за 32 чалавекі. 18 целаў удалося эвакуяваць з разбураных будынкаў.

Сырыйскія дзяржаўныя СМІ адзначаюць, што ахвярамі «паўстанцаў» у некалькіх раёнах Алепа сталі ня менш за 20 чалавек.

Алепа, разьмешчаны прыкладна ў 50-ці кілямэтрах ад мяжы з Турэччынай, уяўляе сабой падзелены горад. Частку яго раёнаў кантралююць урадавыя войскі, іншую частку — атрады ўзброенай апазыцыі, якія дамагаюцца адхіленьня ад улады прэзыдэнта Башара Асада, чый рэжым абапіраецца на падтрымку Расеі.