У асобнай міратворчай брыгадзе Ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі пачалася падрыхтоўка да міжнародных вучэньняў з калектыўнымі міратворчымі сіламі Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы «Непарушнае братэрства-2016», якія пройдуць у жніўні на тэрыторыі Беларусі.
Пра гэта паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на інфармацыю штабу Цэнтральнай ваеннай акругі (ЦВА).
«Ваеннаслужачым трэба будзе адпрацаваць пытаньні стварэньня буфэрных зонаў, разьяднаньня ўмоўных канфліктуючых бакоў і ізаляцыі раёнаў нестабільнасьці», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы ЦВА.
Таксама будуць адпрацаваныя дзеяньні ў складзе аэрамабільных кантрольна-прапускных пунктаў на базе верталётаў Мі-8, парадак патруляваньня і іншыя пытаньні.
Падрыхтоўчыя заняткі пройдуць на Рошчынскім палігоне ў Самарскай вобласьці ў дзённы і начны час. Па выніках падрыхтоўкі будуць адабраныя каля 100 чалавек, якія прадставяць Расею на міжнародных манэўрах.
Брыгада, якая дысьлякуецца ў Самарскай вобласьці, — адзінае міратворчае злучэньне ў Сухапутных войсках Расейскай Фэдэрацыі. Яна цалкам ўкамплектаваная кантрактнікамі і абсталяваная найноўшымі ўзорамі ўзбраеньня і ваеннай тэхнікі.