Віцебская мытня затрымала 20 тон санкцыйнай садавіны

Ілюстрацыйнае фота

20 тон пэрсікаў, нэктарынаў і абрыкосаў, якія незаконна спрабавалі ўвезьці ў Расею зь Літвы, былі затрыманыя апэратыўна-пошукавым аддзелам Віцебскай мытні.

Фура з садавіной была спыненая каля беларуска-расейскай мяжы. Паводле дакумэнтаў, якія, як высьветлілася, зьяўляліся несапраўднымі, груз перавозіўся зь Літвы ў адрас беларускай фірмы ў Віцебску. Чаму пры гэтым фура апынулася ля расейскай мяжы, кіроўца растлумачыць ня змог. Акрамя таго месцам разгрузкі была паказаная вуліца Ленінград, у той час як у Віцебску ёсьць толькі Ленінградзкая вуліца.

Паўпрычэп, у якім ажыцьцяўлялася перасоўваньне садавіны, незаконна выкарыстоўваўся ва ўнутранай перавозцы па тэрыторыі Мытнага саюзу, што не дазваляецца Мытным кодэксам Мытнага саюзу.

Таму, у адпаведнасьці з заканадаўствам, тавар і паўпрычэп былі канфіскаваныя. Іх агульны кошт склаў каля 1 700 000 000 рублёў.

Па дадзеным факце Віцебскай мытняй пачаты адміністрацыйны працэс, паведамляе прэсавая група Віцебскай мытні.