450 амэрыканскіх пісьменьнікаў выступілі супраць Дональда Трампа

Пуцін і Трамп. Графіці ў Літве.

Больш за 450 амэрыканскіх пісьменьнікаў падпісалі электронную пэтыцыю супраць найбольш верагоднага кандыдата ў прэзыдэнты Злучаных Штатаў ад Рэспубліканскай партыі Дональда Трампа.

Літаратары, сярод якіх Стывен Кінг, Жуна Дыяс і Дэвід Эгерс, зьмясьцілі онлайн-зварот «Адкрыты ліст да амэрыканскага народу», у якім абвінавачваюць Трампа ў «заахвочваньні агрэсіі сярод сваіх пасьлядоўнікаў» і «запалохваньні іншадумцаў».

«Сутнасьць амэрыканскага экспэрымэнту з самага пачатку заключалася ў тым, каб гуртаваць людзей, а не нацкоўваць іх адзін на аднаго», — гаворыцца ў пэтыцыі.

Нягледзячы на тое, што аўтары онлайн-ліста выступаюць супраць вылучэньня Трампа на выбарах у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты краіны, у тэксьце пэтыцыі няма заклікаў галасаваць за яго палітычных апанэнтаў. Да моманту публікацыі пэтыцыю падпісала больш за 8500 чалавек.

Пасьля перамогі на першасных выбарах у штаце Вашынгтон 24 траўня, рэспубліканец Дональд Трамп усутыч наблізіўся да вылучэньня сваёй кандыдатуры ў прэзыдэнты ЗША. Гэта стане магчымым, калі да 7 ліпеня ён набярэ 14 галасоў дэлегатаў, якіх яму нестае для патрэбных 1237, каб заручыцца падтрымкай Рэспубліканскай партыі.