Фясенка пра стварэньне паліцэйскай місіі АБСЭ на Данбасе: Гэта яшчэ не канец вайны

Назіральнікі спэцыяльнай маніторынгавай місіі АБСЭ ў Данбасе

Лідэры Францыі, Нямеччыны, Украіны і Расеі ў тэлефоннай размове ў так званым «нармандзкім фармаце» выказалі падтрымку разгортваньня паліцэйскай місіі АБСЭ на Данбасе і пачатку кансультацыяў па гэтым пытаньні, паведамляе прэс-служба прэзыдэнта Ўкраіны.

АБСЭ разглядае магчымасьць адпраўкі паліцэйскай місіі ў кантраляваныя сэпаратыстамі раёны Данбасу на пэрыяд правядзеньня там мясцовых выбараў.

Паліцэйская місія магла б налічваць сотні ўзброеных чалавек, пакуль жа назіральнікі АБСЭ на ўсходзе Ўкраіны няўзброеныя і проста сочаць за захаваньнем перамір’я.

Украінскі палітоляг Уладзімер Фясенка пакуль стрымана камэнтуе вынікі перамоваў і кажа, што пра рэальнасьць увядзеньня паліцэйскай місіі можна будзе казаць толькі пасьля таго, як будзе падрыхтаваны плян яе ажыцьцяўленьня і зацьверджаны бюджэт:

«Казаць пра канец вайны яшчэ вельмі рана. І я б сказаў, што пакуль яшчэ рана казаць нават пра рэальную рэалізацыю праекту паліцэйскай місіі АБСЭ, мэта якой — забесьпячэньне бясьпекі ў зоне канфлікту. Але наколькі я разумею з вынікаў тэлефонных перамоваў лідэраў Францыі, Нямеччыны, Украіны і Расеі ў так званым „нармандзкім фармаце“, па гэтым пытаньні ёсьць пэўны прагрэс. Пачала абмяркоўвацца сама ідэя, агульная прапанова адправіць на Данбас паліцэйскую місію АБСЭ — гэтая ідэя цяпер ужо ўспрымаецца больш прыхільна. Яшчэ некалькі тыдняў таму нават прадстаўнікі АБСЭ дастаткова скептычна ўспрымалі гэтую ідэю, лічылі яе маларэалістычнай. Цяпер яна абмяркоўваецца, ёсьць прагрэс у разуменьні таго, што іншага выйсьця няма. Становіцца зразумела, што калі не вырашаць пытаньні бясьпекі, то не атрымаецца правесьці выбары.

Але чаму я ўсё роўна вельмі стрымана ацэньваю вынікі гэтых начных перамоваў? Справа ў тым, што пакуль няма канкрэтнага пляну. Застаецца адкрытым пытаньне пра тое, як будзе рэагаваць Расея, ці дазволіць яна трапіць на Данбас паліцэйскай місіі. У расейскіх паведамленьнях не ўжываецца выраз „паліцэйская місія“, яны кажуць толькі пра пашырэньне функцый маніторынгавай місіі, якая дзейнічае цяпер. А гэта розныя рэчы. Таму мы пакуль ня ведаем, на што пагодзіцца Расея, і ці ўдасца дасягнуць кампрамісу ў гэтым пытаньні. Так ці інакш, трэба будзе ўзгадняць функцыі, склад, , бюджэт, колькаснасьць гэтай місіі. Вось калі будзе гатовы праект і ён будзе вынесены на разгляд АБСЭ, тады можна будзе гаварыць пра тое, што верагоднасьць стварэньня палітычнай місіі АБСЭ вельмі высокая. Пакуль ёсьць прагрэс, але няма выніку».