Чацьвераклясьніца прэзыдэнту: «Як я зайздрошчу вашай сівізьне!» (відэа)

У сацыяльных сетках у апошнія дні распаўсюджваецца відэазапіс, на якой вучаніца 4-й клясы школы № 64 у Кувінскім раёне Фэрганскай вобласьці Махсума Абдулахадава зачытвае свой верш, напісаны ў гонар Юртбашы (кіраўнік дзяржавы).

Як стала вядома радыё «Свабода», першапачаткова відэазапіс быў выкладзены ў Instagram знакамітым сьпеваком Тахірам Усманавым.

Верш Махсумы Абдулахадавай прагучаў на адным зь мерапрыемстваў у рамках моладзевага фэсту «Мы — дзеці вялікай краіны», праведзенага ў Фэрганскай вобласьці. Фэст быў арганізаваны па ініцыятыве міністэрства культуры і спорту Узбэкістану.

У пачатку свайго верша маленькая Махсума запрашае Юртбашы (Іслама Карымава) у госьці ў свой кішлак.

Маленькая дзяўчынка таксама кажа, што зайздросьціць сівізьне на галаве Карымава і гатова аддаць яму наўзамен кожны валасок на сваёй галаве.

«Я схіляюся перад вашай сівізной: я хачу памяняць свае чорныя валасы на вашыя. З-за дум пра нас святло пачало цьмянець у вашых вачах. Я мару аддаць вам наўзамен свае чорныя вочы».

У сваёй одзе Махсума абяцае, што калі вырасьце, абавязкова напіша ў гонар Карымава паэму.

Your browser doesn’t support HTML5

Стихотворение Махсумы Абдулахадовой, посвященное президенту Исламу Каримову

Ва Ўзбэкістане падчас ўсіх афіцыйных мерапрыемстваў прэзыдэнта Іслама Карымава завуць няйначай, як «Наш шаноўны прэзыдэнт», «Наш шаноўны Юртбашы», або «Архітэктар нашай Незалежнасьці».

Усхваленьне кіраўнікоў дзяржаў шырока распаўсюджана ў краінах Цэнтральнай Азіі.

У Таджыкістане прэзыдэнта Эмамалі Рахмона называюць «Пешвоі мілат», гэта значыць «Лідэр нацыі».

У Туркмэністане Гурбангулы Бердымухамедаў носіць тытул «Аркадаг» («Заступнік»).

У Казахстане Нурсултана Назарбаева завуць «Елбасы» (лідэр нацыі ці кіраўнік дзяржавы).

У Беларусі Аляксандар Лукашэнка сам сябе назваў некалі «Бацькам», пасьля чаго гэтая мянушка замацавалася за ім.