Італія і Ватыкан — першы візыт Лукашэнкі ў Эўразьвяз пасьля зьняцьця санкцыяў

Аляксандар Лукашэнка наведае Італьянскую Рэспубліку і Дзяржаву Ватыкан 20-21 траўня.

Гэта яго першы візыт у Эўразьвяз пасьля адмены Брусэлем 15 лютага санкцыяў у дачыненьні да яго і іншых беларускіх чыноўнікаў.

У праграме візыту заплянаваныя перамовы з прэзыдэнтам Італіі Сэрджа Матарэлам, на якіх плянуецца разгледзець «увесь спэктар беларуска-італьянскіх адносінаў з акцэнтам на гандлёва-эканамічнае і інвэстыцыйнае ўзаемадзеяньне, разьвіцьцё каапэрацыйных сувязяў», паведамляе прэсавая служба Лукашэнкі.

Падчас візыту ў Ватыкан адбудзецца сустрэча з папам Рымскім Францішкам, на якой будзе абмяркоўвацца далейшае разьвіцьцё супрацоўніцтва ўладаў Беларусі з Рымска-каталіцкім касьцёлам.

Лукашэнка наведваў Італію і Ватыкан у 2009 годзе, падчас папярэдняй адлігі ў адносінах з Захадам.