Ці здолее КДБ абараніць дзяржаўную бясьпеку Беларусі?

Кіраўнік баявога атраду расейскіх нацыяналістаў Аляксей Мільчакоў.

Чаму дзейнасьць антыбеларускіх груповак, якія ставяць на мэту ліквідацыю незалежнасьці Беларусі, застаецца па-за ўвагай Камітэту дзяржаўнай бясьпекі?

Навумчык: У апошні час у незалежнай прэсе (у прыватнасьці, у «Нашай Ніве» зьявілася інфармацыя пра тое, што так званыя ваенна-патрыятычныя клюбы ў розных рэгіёнах Беларусі накіроўвалі школьнікаў на вайскова-спартовыя зборы ў Расею, дзе зь імі праводзілі трэніроўкі нэанацысты і ўдзельнікі баявых дзеяньняў ў Данбасе на баку так званых ДНР і ЛНР. Гэтая практыка ажыцьцяўляецца пры патранажы асобных сьвятароў Расейскай праваслаўнай царквы.

Што яны і не хаваюць: у інтэрвію «Нашай Ніве» протаіерэй Аляксандар Кавалёў, кіраўнік аддзела па справах моладзі Віцебскай эпархіі. Заявіў літаральна наступнае, цытую «ваенна-патрыятычныя клюбы былі, ёсьць і будуць. Пад апекай казакоў, пад апекай былых вайскоўцаў, разумееце. Мы езьдзілі ў Расею, езьдзім і будзем езьдзіць».

Сяргей Навумчык

Ключавы момант: падлеткаў выхоўваюць у духу «адзінай і непадзельнай Расеі», на ідэалёгіі, якая адрынае саму магчымасьць існаваньня Беларусі як незалежнай дзяржавы.

Скажам наўпрост: маладых людзей рыхтуюць са зброяй у руках (бо там іх вучаць і валодаць зброяй) — змагацца за ліквідацыю Беларусі як незалежнай дзяржавы.

Гэта самая што ні ёсьць антыдзяржаўная дзейнасьць.

У сацыяльных сетках пачалі абмяркоўваць спосабы супрацьдзеяньня ўцягваньню моладзі ў баявыя атрады «русского мира». Аднак у Беларусі ёсьць ведамства, якое фінансуецца коштам падаткаплатнікаў і абавязанае абараняць дзяржаўны сувэрэнітэт і цэласнасьць Беларусі.

Гэта — Камітэт дзяржаўнай бясьпекі.

Тым часам, стала вядома, што КДБ і Сьледчы камітэт вывучаюць інфармацыю адносна ўдзелу беларускіх дзяцей у лягерах баевікоў
Як вынікае з інфармацыі карэспандэнта Свабоды, у Камітэце дзяржбясьпекі пацьвердзілі, што па факце выезду дзяцей зь Беларусі на зборы ў Падмаскоўе да іх зьвяртаўся карэспандэнт «Нашай Нівы», аўтар артыкула «Беларускіх школьнікаў адпраўлялі ў Расею ў трэніровачныя лягеры пад кіраўніцтвам нэанацыстаў» Арцём Гарбацэвіч.

Начальнік прэс-службы КДБ Дзьмітры Пабяржын запэўніў, што зьвесткі наконт гэтага правяраюцца і вывучаюцца:

«Мы падчас размовы дамовіліся, што калі ад нас будуць камэнтары, то крыху пазьней. Наколькі я ведаю, запыт накіраваны таксама ў пракуратуру. Але інфармацыя нам вядомая, журналіст Арцём Гарбацэвіч затэлефанаваў практычна адразу ж».

На першы погляд, здаецца — усё нармальна, КДБ вывучае тых, хто рыхтуе моладзь змагацца за ліквідацыю Беларусі як дзяржавы.
Але калі сыходзіць з інтарэсаў дзяржаўнасьці Беларусі, дык такая інфармацыя можа выклікаць зьдзіўленьне. Аказваецца, пра фактычна антыдзяржаўную дзейнасьць — якая ідзе не адзін месяц, прычым актыўна папулярызуецца ў Інтэрнэце і ў СМІ — камітэт даведваецца ад журналістаў. Гэта азначае як мінімум тое, што супрацоўнікі рэгіянальных упраўленьняў КДБ па-просту ня бачаць ніякага крыміналу, ніякай пагрозы ў дзеяньнях антыбеларускіх, прарасейскіх арганізацый. А значыць, узьнікае заканамернае пытаньне: калі яны ня лічаць патрэбным абараняць незалежнасьць краіны ў адносна спакойны, у мірны час — ці будуць, а галоўнае — ці здольныя яны зрабіць гэта ў экстрэмальны момант?

Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Пытаньне зусім няпростае. Дасюль Лукашэнка даволі моцна баяўся расейскага палітычнага ўплыву ў Беларусі. Зьвярніце ўвагу на такі момант. Апазыцыйныя палітыкі, якія нейкім чынам былі зьвязаныя з Расеяй, зьведвалі значна мацнейшае дзеяньне рэпрэсіўнага апарату. І Казулін патрапіў у якасьці палітзьняволенага за краты, і Марыніч, які расейскія грошы прывёз у Беларусь для беларускай апазыцыі. Два гады таму такі палітык як Касьцян паспрабаваў зарэгістраваць у Беларусі партыю «Славянскі сабор», але беларускія ўлады вельмі жорстка прадухілілі гэты працэс.

Цяпер пасьля Крыму сытуацыя зьмянілася, яна зьмянілася ў беларускім грамадзтве. Як мы ведаем з сацыялягічных апытаньняў, большасьць беларусаў падтрымлівае ў расейска-украінскім канфлікце пазыцыю Расеі. То бок даволі вялікая масавая падтрымка ідэі «русского мира» існуе ў Беларусі.

Думаю, перад такой сытуацыяй улады апынуліся трохі ў разгубленасьці. Той жа самы КДБ, які быў зарыентаваны на барацьбу з апазыцыяй, апынуўся трохі ў нечаканай сытуацыі, што рабіць з гэтымі ўсімі прарасейскімі арганізацыямі. Да таго ж, вялікая і важная праблема — няма яснай і дакладнай устаноўкі зьверху, каго душыць, а каму спрыяць. Афіцыйна ў нас жа палітыка інтэграцыі з Расеяй! А неафіцыйна вось не рэкамэндавана выкарыстоўваць георгіеўскія стужкі. І таму мясцовыя вэртыкальшчыкі апынуліся ў такой сытуацыі кагнітыўнага дысанансу: устаноўкі зьверху супярэчаць адна другой. Што рабіць у канкрэтнай сытуацыі, яны проста не ведаюць, і таму прымаюць такое рашэньне ўвогуле нічога не рабіць і пачакаць, якія там зьверху будуць загады і каманды.

Уладзімір Глод

Глод: Вы разглядалі толькі адзін небясьпечны аспэкт дзейнасьці расейскага казацтва — пагроза незалежнасьці Беларусі.

Я прагледзеў, а чаго яны яшчэ хочуць? Па-першае, прэзыдэнт Пуцін павінен памяняць сваю замежнае назву на рускае «цар», маўляў, хопіць замежных слоў у рускай дзяржаве.

Па-другое, рубель можна залатым зрабіць, мы ж прадаём за мяжу газ, нафту, іншыя выкапні. Яны павінны адпускацца толькі за рублі, а рубель — купляйце ў нас, калі ласка. Зможам цану ўсталяваць хоць сто даляраў за рубель.

Ну і, нарэшце, трэба зрабіць казацкую армію, якая дапамагла б дзяржаве і прэзыдэнту-цару навесьці парадак у сьвеце. Гэта ж лёгка і проста».

Менавіта гэта ідэя, што ўсё лёгка і проста, здаецца, зараз стала асновай ідэалёгіі сучаснай Расеі. Адны называюць яе гопніцкай, другія — імпэрскай, трэція — чарнасоценнай.

Але вось такія псэўдалёгкасьць і псэўдапрастата, на мой погляд, як раз і могуць прывабіць да сябе і пэўную частку беларусаў. Хоць гісторыкі кажуць, што сапраўднага казацтва ў Беларусі ніколі не было, і цяпер яно таксама інсьпіраванае звонку. Яно прарасейскае, штучна паднятае і прафінансаванае. Таму і спрабуе абазначыць нейкую актыўнасьць ды зацягнуць туды нясьпелых беларусаў, у гэтыя ролевыя гульні, якія могуць дрэнна скончыцца.

Але, падобна, што ўлады закрываюць вочы на гэтыя так званыя гульні. Пра гэта сьведчаць словы Аляксея Мільчакова, кіраўніка дывэрсійна-штурмавой брыгады ў размове са Свабодай. Ён зазначыў, што ўлады Беларусі ніяк не перашкаджалі ні адпраўцы беларускіх школьнікаў на трэніровачныя зборы, ні супрацоўніцтву зь беларускімі ваенна-патрыятычнымі клюбамі ды іншымі арганізацыямі.

Магчыма, фармальнай падставы забараніць, такія клюбы няма. Яны ж не называюць сябе «нэанацыскімі», а «патрыятычнымі». Дарэчы, кандыдат на прэзыдэнта Беларусі на апошніх выбарах Мікалай Улаховіч таксама прадстаўляўся як кіраўнік беларускага казацтва. Я згодны з Валерам Карбалевічам, што ўлады яшчэ канчаткова ня вырашылі як паводзіць сябе з гэтымі структурамі. Але, думаю, што ёсьць і яшчэ адзін фактар — ня выключаю, што ў беларускіх сілавых структурах ёсьць скрытыя прыхільнікі «расейскага сьвету». І гэтыя людзі не сьпяшаюцца зрабіць тое, што яны павінны былі ўжо зрабіць, калі б сыходзілі зь інтарэсаў беларускай дзяржавы і пасадаў, якія яны займаюць. А менавіта абсекчы ўсе гэтыя псэўдагульні — небясьпечныя і пагрозьлівыя.