Масква: Супрацьракетны комлекс ЗША ў Румыніі закранае бясьпеку Расеі

Цырымонія закладкі каменя пад будаўніцтва аб'екта амэрыканскай СПА на румынскай базе Дэвэсэлу ў кастрычніку 2013 году.

У Маскве лічаць, што ўвядзеньне ў дзеяньне сыстэмы супрацьракетнай абароны Злучаных Штатаў у Румыніі закранае інтарэсы нацыянальнай бясьпекі Расеі.

Пра гэта заявіў «Інтэрфаксу» дырэктар дэпартамэнту па пытаньнях нераспаўсюджваньня і кантролю над узбраеннямі МЗС Расеі Міхаіл Ульянаў. Сярод іншага ён указаў на парушэньне, з пункту гледжаньня Масквы, дамовы пра ракеты сярэдняй і малой дальнасьці.

12 траўня прадстаўнікі ЗША і НАТО на цырымоніі ў Румыніі абвесьцяць аб апэратыўнай гатоўнасьці комплексу перахопу наземнага базаваньня — адной з частак сыстэмы супрацьракетнай абароны, якая, як падкрэсьліваюць у Вашынгтоне, патрэбная для абароны саюзнікаў з НАТО ад магчымай пагрозы ад ракет вялікай дальнасьці з боку Ірану, і не накіраваная супраць Расеі.

У адпаведнасьці з пагадненьнем ЗША і Румыніі па абароне ад балістычных ракет ад 23 сьнежня 2011 году, на былой авіябазе ў Дэвэсэлу быў разгорнуты амэрыканскі шматмэтавы зэнітна-ракетны комплекс «Іджыс» з ракетамі-перахопнікамі «Стэндард-3» (SM- 3).

Удзел Румыніі ў архітэктуры супрацьракетнай абароны НАТО зьяўляецца часткай эўрапейскай праграмы адаптацыі супрацьракетнай абароны ЗША.

13 траўня ЗША, як чакаецца, афіцыйна абвесьцяць аб пачатку пабудовы другога аб’екту сыстэмы супрацьпаветранай абароны на тэрыторыі Польшчы.