Pink Floyd. Дурман падводнага рэха

Гурт «Пінк Флойд» у 1971 годзе. Кадр з фільму «Pink Floyd: Live at Pompeii».

Быў 1974 год. Гайнаўка на Падляшшы. Калега зь ліцэю запрасіў мяне да сябе дахаты, каб разам паслухаць музыкі. У яго быў вельмі добры шпулькавы магнітафон і самы сучасны на той час радыёпрымач з ультракароткахвалевым дыяпазонам, у якім амаль усе ліцэісты слухалі музычных перадачаў Трэцяй праграмы Польскага Радыё. Вось паслухай гэты кавалак, які я запісаў учора — сказаў мне мой калега. Кавалак называецца «Echoes». І калега ўключыў магнітафон. Гэта было ўпершыню, калі я пачуў гурт «Pink Floyd».

«Пінк Флойд» у амфітэатры ў Пампэях у кастрычніку 1971.

Я на 23 хвіліны адключыўся ад рэальнасьці. І ад гэтага моманту, як кажуць, жыцьцё для мяне перамянілася...

У той час мы не маглі і марыць, каб слухаць музыкі «Pink Floyd» або іншых заходніх рок-гуртоў з кружэлак. Адзіная магчымасьць паслухаць такое ў зручны для сябе час — перапісаць альбом заходняга выканаўцы з Трэцяй праграмы, «Trójki», на магнітафон. І ў Трэцяй праграме тады былі адмысловыя перадачы, дзе вядоўцы запускалі поўныя альбомы якраз для запісу сотнямі тысяч мэляманаў з магнітафонамі.

Дэйвід Гілмар і Рык Райт выконваюць «Echoes» у 2006 годзе ў Лёндане

«Echoes» — 23-хвілінная сюіта, запісаная гуртом «Pink Floyd» для альбому «Meddle» (1971). Сёньня, калі ў мяне ў хаце 5 кнігаў пра гісторыю «Pink Floyd», у якіх кар’ера гурту расьпісаная не па месяцах, а па тыднях, я ведаю ўсё, што ведае нават найбольш заўзяты фанат гурту пра гісторыю запісу гэтай сюіты. У 1974 годзе я ня ведаў нічога і зусім не разумеў, пра што сьпяваюць Дэйвід Гілмар з Рыкам Райтам, бо толькі пачынаў вывучаць ангельскую мову. Ну дык вось, зусім коратка для тых, хто яшчэ ня ведае.

«Рэха» — адна з найлепшых кампазыцый гурту — нарадзілася зь «нічога» :) Музыкі прыйшлі ў студыю ў пачатку 1971 году без аніякіх музычных ідэяў. Пачалі нешта імправізаваць і запісваць кавалкі бяз ладу і складу, якія назвалі «Нічога, часткі 1-24». Потым яшчэ запісалі некалькі кавалкаў пад назвай «Сын нічога»... А потым яшчэ «Вяртаньне сына нічога»... І ўрэшце Рык Райт ня так як трэба падключыў свой арган да электрычнасьці і зайграў некалькі гукаў, якія чуваць на пачатку сюіты — гэта як быццам «піканьне» гідралякатара на падводнай лодцы... А Дэйвіду Гілмару ўдалося зайграць некалькі шчымліва-сумных нотаў... І з гэтага пачалося... Дэйвід Гілмар, Рык Райт, Роджэр Уотэрз і Нік Мэйсан расьцягнулі гэты «падводны сум» на 23 хвіліны, шчодра скарыстоўваючы тыя «нічагосьці», якія запісвалі цягам папярэдніх шасьці месяцаў.

У 1971 годзе францускі рэжысэр Адрыен Мабэн намовіў гурт запісаць на кінастужку канцэрт без гледачоў у амфітэатры ў руінах Пампэяў, гораду разбуранага вывяржэньнем Вэзувія у 79 годзе. Першая частка сюіты «Echoes» якраз і пачынае той канцэрт. Фільм Мабэна «Pink Floyd: Live at Pompeii» — паводле меркаваньня шматлікіх крытыкаў — адзін з найлепшых музычных фільмаў ўсіх часоў, і адначасова выдатны дакумэнт з гісторыі гурту. У фільм уплеценыя кадры запісу гуртом свайго векапомнага альбому «Dark Side of the Moon», які зьявіўся ў 1973 годзе.

Альбом «Dark Side of the Moon» я паслухаў крыху пазьней, ужо дарэшты адурманены салодкай атрутай «Echoes»...

гурт «Пінк Флойд» Вокладка альбому «Meddle» (1971) са сюітай «Echoes».