У Маскве на Балотнай плошчы ў пятніцу ўвечары былі затрыманыя некалькі чалавек зь ліку тых, хто сабраўся на гэтым месцы ў сувязі з чацьвёртай гадавінай падзей апазыцыйнага «Маршу мільёнаў».
Паводле інфармацыі карэспандэнта Радыё Свабода, былі затрыманыя ня менш як сем чалавек.
Сайт «ОВД-Инфо» перадаў, што былі затрыманыя Паліна Багданава, якая стаяла з плякатам «Фабрыкацыі Балотнай справы — дзяржаўнае злачынства». Таксама затрыманыя Павел Кузьняцоў, Марыя Рабікава, Васіль Недапекін, Віктар Капітон, Антон Драздоў, Валянцін Нікітчанка, Максім Чаканаў. Большасьць былі з плякатамі.
Усяго на Балотнай, як адзначае наш карэспандэнт, сабраліся каля 200 чалавек. У розных кропках людзі даставалі плякаты, правакатары спрабавалі раздаваць георгіеўскія стужкі. «З-за іх пікет ператварыўся ў сварку», — паведамляў наш карэспандэнт. Таксама адзначалася, што правакатараў паліцыя не кранула.
Из-за провокаторов пикет превратился в перепалку, полицейский переписывает данные человека с плакатом #болотная pic.twitter.com/Opf9yPNlfN
— Радио Свобода (@SvobodaRadio) May 6, 2016
Супрацоўнікі паліцыі заклікалі актывістаў разысьціся і «не перашкаджаць праходу грамадзян». Тых, хто сабраўся, адціснулі з праезнай часткі. «Увогуле, калі не лічыць затрыманых, усё прайшло даволі мірна. Людзі патроху сыходзяць», — перадаў карэспандэнт Радыё Свабода.
Выступ апазыцыі на Балотнай плошчы чатыры гады таму скончылася сутыкненьнямі дэманстрантаў з паліцыяй, якія ўлады называюць масавымі беспарадкамі. Фігурантамі ўзбуджанай па гэтых падзеях крымінальнай справы на дадзены момант зьяўляюцца 35 чалавек.
Кожны год 6 траўня грамадзянскія актывісты і сваякі фігурантаў «Балотнай справы» прыходзяць на Балотную плошчу. З 2014 году маскоўскія ўлады гэтыя акцыі не ўзгадняюць, іх удзельнікаў затрымліваюць. Сёлета выступленьне зноў не ўзгаднілі.