Прэм’ер-міністар Турэччыны Давутаглу абвясьціў аб адстаўцы

Рэджэп Эрдаган и Ахмэт Давутаглу

Апошнім часам паміж Давутаглу і прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Эрдаганам паўсталі сур’ёзныя рознагалосьсі.

Прэм’ер-міністар Турэччыны Ахмэт Давутаглу ў чацьвер абвясьціў пра сваё рашэньне сысьці ў адстаўку з пасады і пакінуць пасаду кіраўніка кіруючай Партыі справядлівасьці і разьвіцьця (ПСР). Выбары новага лідэра партыі пройдуць 22 траўня на яе пазачарговым зьезьдзе. Па словах Давутаглу, ён ня будзе вылучаць сваю кандыдатуру на выбарах кіраўніка партыі і працягне працу ў якасьці дэпутата парлямэнту ад ПСР.

Апошнім часам паміж Давутаглу і прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Эрдаганам паўсталі сур’ёзныя рознагалосьсі па шэрагу пытаньняў, у тым ліку ў пытаньні ўрэгуляваньня канфлікту з курдзкімі баевікамі на паўднёвым усходзе краіны. Давутаглу заяўляў пра магчымасьць аднаўленьня перамоўнага працэсу з курдамі, у той час як Эрдаган зьяўляецца прыхільнікам правядзеньня ваеннай кампаніі.

Эрдаган таксама настойвае на прыняцьці паправак да канстытуцыі краіны, накіраваных на пашырэньне прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў.

Ахмет Давутаглу стаў прэм’ер-міністрам Турэччыны ў жніўні 2014 году, пасьля таго як Эрдаган быў абраны прэзыдэнтам краіны. Да гэтага Рэджэп Эрдаган на працягу больш як 10 гадоў узначальваў турэцкі ўрад.