На выбарах у Аўстрыі лідзіруе крайне правы кандыдат

Кандыдат ад ультраправай «Аўстрыйскай партыі свабоды» Норбэрт Хофэр

Кандыдат ад ультраправай «Аўстрыйскай партыі свабоды» лідзіруе на выбарах прэзыдэнта краіны, як вынікае з папярэдніх вынікаў.

Норбэрт Хофэр набірае каля 36%. Гэтага не дастаткова, каб перамагчы ў першым туры.

За пасаду прэзыдэнта — у асноўным цырыманіяльную ролю — таксама вядуць барацьбу незалежныя кандыдаты Аляксандар Ван дэр Бэлен і Ірмэгард Грыс.

Упершыню з часоў Другой сусьветнай кандыдаты ад галоўных аўстрыйскіх партыяў — Сацыял-дэмакратычнай і Народнай — не выходзяць у другі тур. Цяпер яны набіраюць прыкладна па 11% галасоў.

Гэтыя партыі — разам ці асобна — знаходзіліся ва ўладзе на працягу дзесяцігодзьдзяў.

Па словах карэспандэнта BBC ў Вене Бэтані Бэл, вынікі азначаюць вялікія зьмены ў аўстрыйскай палітыцы.

Яўная перамога крайне правага кандыдата адлюстроўвае незадаволенасьць грамадзянаў станам спраў у краіне, а таксама занепакоенасьць іміграцыяй і эканамічнай сытуацыяй.

Узровень падтрымкі Сацыял-дэмакратычнай і Народнай партыяў сярод насельніцтва ў апошнія гады няўхільна падаў.

Падчас апошніх усеагульных выбараў у 2013 годзе гэтыя дзьве партыі ледзь набралі галасы, каб сфармаваць «вялікую кааліцыю».

Калі ніводзін з кандыдатаў ня зможа атрымаць падтрымку большасьці выбарцаў, другі тур выбараў пройдзе 22 траўня.

Дзейны прэзыдэнт, 77-гадовы Хайнц Фішэр, займаў гэты пост два тэрміны і ня можа балятавацца зноў.