Віцебск далучыўся да ўсясьветнай кампаніі «Let’s Do It — World Clean-up 2016»

Цэнтар урбаністычных праектаў і інцыятываў «Прастора» запрасіў віцяблян далучыцца да экалягічнай акцыі «Зробім», якая праводзіцца ў межах сусьветнай кампаніі «Let’s Do It — World Clean-up 2016».

Віцябляне прыбіралі парк імя Фрунзэ, які знаходзіцца ў цэнтры гораду. Удзельнікі зграбалі мінулагодняе лісьце, выносілі з тэрыторыі апалае гальлё і сьмецьце, якое пакінулі нядобрасумленныя аматары адпачынку ў зялёнай зоне.

Побач з тымі, хто прыбіраў, працаваў мастак-графіціст Юрый Дуброўскі. Ягонай задачай было пераўтварэньне сьцяны невядомага, але ўжо закінутага аб’екту ў твор манумэнтальнага мастацтва.

Юрый Дуброўскі

«Найперш я зафарбую ўсе, што тут было накрэмзана. А потым на блакіце сьцяны зьявяцца дзьве рыбы — адна мэталічная, несапраўдная, штучная, а другая — „жывая“, можа быць, кіт, а можа, яшчэ нейкая. Паміж гэтымі рыбамі намалюю пясочны гадзіньнік — як падзел паміж жывым і нежывым, паміж тым, што яшчэ можна захаваць, і тым, што мы ўжо страцілі праз экалягічныя праблемы і катаклізмы», — распавёў Юрый.

Мяркуецца, што 21 траўня ў прыбраным парку «Прастора» пройдзе ўрбаністычны форум. Паводле дырэктаркі «Прасторы» Аксаны Кузінай, падчас форуму будуць прадстаўленыя дзьве праграмы — дзелавая і фэстывальная. У межах першай экспэрты і ўдзельнікі форуму абмяркуюць культурны патэнцыял гарадзкога ляндшафту, узьнімуць актуальныя праблемы горадабудаўніцтва, турызму і экалёгіі. Фэстывальная праграма будзе ўключаць шэраг творчых мерапрыемстваў розных формаў і жанраў: прэзэнтацыі лепшых дызайн-праектаў паркавай мэблі «Экодизайн», гарадзкі конкурс-плэнэр у стылі лэнд-арт «Нясумны сад», музычны канцэрт «АгуRock», кірмаш гарадзкой ежы «Іншая Ежа», пэрформансы, інсталяцыі, майстар-клясы для дзяцей і дарослых.

Зладзіць форум талакой — супольнымі намаганьнямі віцяблян — гэта галоўны прынцып «Прасторы». А прыбіраньне парку — гэта пачатак падрыхтоўчай дзейнасьці.

Дарэчы, гэтая ідэя — ня новая ў Віцебску. У абласным цэнтры існуе некалькі прыватных экалягічных ініцыятываў, якія таксама займаюцца прыбіраньнем горада. Прычым зьбіраюцца без усялякай рэклямы — кантактуючы ў суполках сацыяльных сетак. Нямала ў гэтым накірунку зрабілі прыхільнікі стварэньня партыі БХД, добраахвотна ўзяўшы на сябе абавязак па прыбіраньні закінутых Клінічных могілак. Але ім гарадзкія ўлады аніякай дапамогі не аказваюць.