Чэскім фірмам не хапае працоўных рук. Спадзяваньні на «культурна блізкіх» беларусаў

Востры недахоп працоўных рэсурсаў чэскія прадпрыемствы, якія працуюць на экспарт, спадзяюцца вырашыць за кошт прыцягненьня рабочай сілы з суседніх краін, перш за ўсё, з Украіны і Беларусі. Многія кантракты на пастаўкі прадукцыі за мяжу апынуліся пад пагрозай зрыву з-за недахопу на чэскіх заводах і фабрыках працоўных рук.

Кампаніі-экспартэры асьцерагаюцца, што зрыў графіка паставак прывядзе да выплаты велічэзных няўстоек і падрыву рэпутацыі, якую яны стваралі гадамі. Як паведамляе віцэ-прэзыдэнт Асацыяцыі экспартэраў і дырэктар фабрыкі па вытворчасьці электраматораў Ота Данек, складанасьць сытуацыі прымушае экспартэраў максімальн ціснуць на ўрад, патрабуючы палегчыць умовы «ўвозу» працоўнай сілы з Украіны і Беларусі.

«Прамысловасьць не пасьпявае выконваць заказы, дасягнуўшы мяжы сваіх магчымасьцяў. Пры гэтым не хапае ня толькі супрацоўнікаў зь сярэдняй і вышэйшай тэхнічнай адукацыяй, канструктараў, тэхнолягаў, мэнэджэраў сярэдняга зьвяна. Недастаткова і рабочых. Цяпер існуе 100 000 вакантных месцаў, зь іх больш як 70 000 складаюць рабочыя прафэсii», — падкрэсьлівае Ота Данек.

Беспрацоўе ў прамысловым сэгмэнце эканомікі складае ад 2,6 да 3,8%. «Паводле ацэнак спэцыялістаў, 5% насельніцтва ўсё роўна ніколі працаваць ня будзе, нават калі іх прымушаць. Таму мы вядзем перамовы зь міністрам замежных спраў Любамірам Заоралкам наконт дазволу на „ўвоз“ замежных рабочых з культурна блізкіх нам краін, такіх як Украіна і Беларусь. Міністар унутраных спраў Мілан Хованэц ужо абяцаў спрасьціць гэты працэс», — паведаміў віцэ-прэзыдэнт Асацыяцыі экспартэраў.

На пытаньне выданьня Právo, ці здольны прыток уцекачоў у Эўропу дапамагчы чэскай прамысловасьці вырашыць праблему недахопу кадраў, Ота Данек адказаў: «Сярод мігрантаў з Аўганістану і іншых краін, адкуль ідзе гэты паток, мы ня знойдзем ні спэцыялістаў, ні працоўных рук. Прыліў мігрантаў ня вырашыць нашу праблему недахопу рабочых, таму мы зьвяртаемся ў трэція краіны, культурна нам блізкія, зь якімі ў нас ужо ёсьць вопыт працы, і зь якімі мы можам мець зносіны».