Журналіста Франс Прэс спынілі ў Менску і не пусьцілі ў Маскву 

Францускае інфармацыйнае агенцтва Франс Прэс паведаміла, што яго фотакарэспандэнту, які базуецца ва Ўкраіне, было адмоўлена ва ўездзе на тэрыторыю Расеі праз Беларусь.

Як паведамляе ВВС, 60-гадовы грамадзянін Украіны Сяргей Супінскі, які працуе на агэнцтва 13 гадоў, зьбіраўся сесьці на самалёт у Маскву ў аэрапорце Менску.

У менскім аэрапорце да журналіста падышоў мужчына ў цывільным адзеньні, які праверыў яго дакумэнты, а затым заявіў, што ўезд у Расею Супінскаму забаронены.

Мужчына не назваўся і не патлумачыў прычыны забароны.

З восені мінулага году спыненыя прамыя авіяпералёты паміж Украінай і Расеяй, лятаць паміж Масквой і Кіевам можна толькі з перасадкамі.