Як паведаміў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык, прадстаўнікі розных міністэрстваў Беларусі і Ўкраіны шукаюць лепшы варыянт карэкціроўкі дакумэнта для перасячэньня беларуска-ўкраінскай мяжы.
Праблема зьявілася з Новага году, калі ва Ўкраіне ўвялі новыя ўнутраныя пашпарты ў выглядзе картак.
Дагэтуль бальшыня грамадзян Украіны, якія едуць у Беларусь, карыстаюцца для перасячэньня дзяржаўнай мяжы ўнутранымі пашпартамі ранейшага ўзору — папяровымі. Але ў тых украінскіх пашпартах няма спэцыяльнай машынасчытвальнай зоны. Таму беларускія памежнікі вымушаныя працаваць з гэтымі дакумэнтамі толькі ў ручным рэжыме. Губляецца шмат часу, людзі вымушаныя прастойваць на мяжы.
А новы ўкраінскі плястыкавы пашпарт пакуль не разглядаецца беларускім бокам як дакумэнт для перасячэньня беларускай мяжы. Як знайсьці выйсьце, каб ніхто з грамадзян Украіны не пацярпеў, сёньня і будуць вырашаць экспэрты з абодвух бакоў.
«Натуральна, мы ня будзем прапаноўваць украінскім калегам вярнуцца да старых пашпартоў, тым больш што там няма машынасчытвальнай зоны. Але сёньня для перасячэньня беларускай мяжы ўкраінцы могуць карыстацца і іншымі, а не абавязкова ўнутраным пашпартным дакумэнтам. Напрыклад, грамадзяне Ўкраіны, акрамя ўнутранага пашпарта, маюць пашпарт міжнародны. І з гэтымі пашпартамі ніякіх праблемаў няма. Але як канкрэтна вырашыць, „разруліць“ гэтую сытуацыю, будзе вядома ўвечары», — сказаў Дзьмітры Мірончык.