Падчас учорашняй сустрэчы з намесьнікам памочніка міністра абароны ЗША Майклам Карпэнтэрам Аляксандар Лукашэнка закрануў тэму ўкраінскай зброі ў Беларусі.
«Калі казаць пра новыя пагрозы, якія нас хвалююць у сувязі з падзеямі ва Ўкраіне, і вы нас зразумееце, гэта пагроза калі не тэрарызму, то навадненьня Беларусі зброяй з тэрыторыі Ўкраіны. Нашы праваахоўныя органы штодня фіксуюць такія факты», — сказаў Лукашэнка.
Паводле ягоных слоў, ЗША павінны разумець праблему вялікай колькасьці зброі і боепрыпасаў на руках у грамадзян, бо ў Амэрыцы ўжо гучаць заклікі абмежаваць распаўсюджваньне зброі сярод цывільнага насельніцтва.
«У нас гэта забаронена, але мы бачым паступленьне зброі з Украіны», — падкрэсьліў Лукашэнка.
Словы Лукашэнкі пра ўкраінскую зброю не ўвайшлі ў паведамленьні афіцыйных СМІ, але яны ёсьць у відэааглядзе ўчорашняй сустрэчы на сайце прэзыдэнта Беларусі.