Жанчыны будуць выходзіць на пэнсію ў 58, мужчыны — у 63 гады. Падвышэньне пакрокавае

Варыянт падвышэньня пэнсійнага ўзросту да 58 гадоў у жанчын і 63 гадоў у мужчын прызнаны на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы самым прыймальным. Пра гэта паведаміла міністар працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Мар’яна Шчоткіна. Па словах міністра, эканамічна больш выгадны варыянт, калі жанчыны выходзяць на пэнсію ў 60 гадоў, а мужчыны — у 63 гады. Варыянт жа выхаду на пэнсію ў 58 і 63 гады адпаведна для жанчын і мужчын зьяўляецца больш мяккім і ўлічвае нагрузку жанчын па хатняй гаспадарцы. Падвышэньне пэнсійнага ўзросту закране і вайскоўцаў, і дзяржслужбоўцаў.

Мяркуецца, што падвышэньне пэнсійнага ўзросту будзе адбывацца паступова, з крокам па паўгода, пачынаючы зь 1 студзеня 2017 году.

На нарадзе ў пятніцу Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што на наступным тыдні мае намер падпісаць дакумэнты, якія тычацца ўдасканаленьня пэнсійнай сыстэмы.