#ДзеньВолі: палітыкі заклікалі да «Рыгі», «арт-сядзібаўцы» — да сьпеваў

Дзень Волі 2016

Арганізатары акцыі вырашылі пагадзіцца толькі на палову прапанаванага ўладамі шляху. А палова мітынгоўцаў не пагадзілася на іхную прапанову.

Удзельнікаў акцыі на Дзень Волі запрасілі пайсьці ад кінатэатру «Кастрычнік» да гандлёвага цэнтру «Рыга» – гэта частка дазволенага ўладамі маршруту на акцыю. Адтуль прапануецца разысьціся і адзначаць сьвята далей паасобку. Тлумачэньне такога маршруту – «Рыга» гэта сымбаль эўрапейскай сталіцы, імкненьня Беларусі да Эўропы.

Другую частку маршруту, да плошчы Бангалор, а таксама прапанову мітынгу ў Парку дружбы народаў, Вячаслаў Сіўчык, Рыгор Кастусёў, Віталь Рымашэўскі і іншыя вырашылі праігнараваць.

Вялікая частка натоўпу рушыла да «Рыгі», але вялікая частка засталася каля кінатэатра «Кастрычнік». Заставацца зьбіраюцца і актывісты «Арт-сядзібы», якія наракалі: палітыкі не далі завершыць ім забаўляльныя акцыі, перабіўшы гульні і сьпевы прамовамі. Па завяршэньні прамоваў палітыкаў сябры «Арт-сядзібы» працягнулі сьпяваць праз гукаўзмацняльнікі песьні гурту «Ляпіс Трубяцкі». Песьні таго ж гурту сьпявае калёна, якая ідзе да «Рыгі».

Міліцыя не замінае ні той частцы мітынгоўцаў, якая рушыла да «Рыгі», ні той, якая застаецца ля «Кастрычніка».