Прэм’ер-міністар Самалі Амар Абдырашыд Алі Шэрмарк публічна падтрымаў кампанію за поўную забарону жаночага абразаньня, перадае BBC. Палітык публічна далучыўся да анлайн-пэтыцыі, якую падпісалі больш за мільён чалавек.
Працэдура супярэчыць Канстытуцыі, але парлямэнт краіны яшчэ не прыняў закон, які б забараняў яе. Як заявіла BBC актывістка кампаніі па забароне Іфра Ахмэд, ёй давялося пераконваць прэм’ера падпісаць пэтыцыю. На яе думку, гэта вялікі крок у справе, аб якой у Самалі многія ня кажуць адкрыта, і гэты крок падштурхне заканадаўцаў прыняць забарону.
Жаночае абразаньне робіцца ў некалькіх варыянтах, як вострымі прадметамі, так і праз выпальваньне ці выскрабаньне, пры любым з варыянтаў шкодзяцца вонкавыя полавыя органы дзяўчын. Звычайна дзяўчыны праходзяць працэдуру ва ўзросьце ад 4 да 11 год.
Самалі – абсалютны лідэр па долі жанчын, якія перажылі працэдуру, іх у краіне больш за 90% па ацэнках Unicef (па іншых зьвестках, 98%). Таксама працэдуру масава (больш за 80% дзяўчын) праводзяць у Гвінэі, Малі, Эгіпце, Судане, Эфіёпіі, Эрытрэі, Джыбуці, Лібэрыі, Сьера-Ліёнэ і іншых краінах Афрыкі, меней масава ў Іраку, Емэне, Савудаўскай Арабіі, Інданэзіі і іншых. Працэдура забароненая ў 23 з 27 афрыканскіх краінаў, дзе яна праводзіцца. Агулам па сьвеце жывуць больш за 200 млн жанчын, якія перажылі гэта.
Працэдура атрымала распаўсюд пераважна ў ісламскіх краінах, хоць і ня згадваецца ў Каране. Некаторыя прыхільнікі працэдуры кажуць, што так зьніжаецца сэксуальнае жаданьне жанчын, што дапамагае захаваць цнатлівасьць да шлюбу, іншыя – што калі не рабіць абразаньне, полавыя органы вырастуць да празьмерных памераў.
Абразаньне звычайна праводзіцца без абязбольваньня, часта нестэрыльнымі інструмэнтамі, у тым ліку простымі нажамі ці лязом брытвы. Працэдура часта прыводзіць да праблем са здароўем, хранічных боляў, інфэкцыяў, цяжкасьцяў пры родах ці бясплоднасьці, летальных вынікаў ад страты крыві.