Брат косаўскага прэм’ера прасіў прытулку ў Нямеччыне. Не атрымаў

Прэм’ер-міністар Косава Іса Мустафа

Прэм’ер-міністар Косава Іса Мустафа пацьвердзіў, што яго родны брат быў сярод хвалі мігрантаў, якія незаконна перасеклі межы Эўразьвязу ў 2015 годзе і што Нямеччына адмовіла яму ў прытулку.

Навіна, якую ўпершыню паведаміў інтэрнэт-партал Insajderi.com, была непрыемнай для Мустафы. У лютым 2015 году, адзначаючы сёмую гадавіну незалежнасьці Косава ад Сэрбіі, ён заклікаў грамадзян не далучацца да хвалі ўцекачоў. У сьценах парлямэнту, ён гаварыў, што «людзі ня маюць ніякіх падстаў пакідаць Косава», — нягледзячы на тое, што краіна пакутуе ад беспрацоўя, беднасьці, карупцыі і арганізаванай злачыннасьці.

У размове з карэспандэнтам косаўскай рэдакцыі Радыё Свабода Іса Мустафа сказаў, што яго брат Рагіп Мустафа апынуўся ў нямецкай зямлі Рэйнлянд-Пфальц з-за «асабістых і мэдыцынскіх патрэбаў.»

Заяўка Рагіпа Мустафы з просьбай аб прытулку была пададзеная 24 чэрвеня, за некалькі дзён да таго, як прэм’ер-міністра Косава прымалі з афіцыйным візытам у Бэрліне на ўзроўні канцлеркі Ангелы Мэркель.

Пасьля таго, як брату прэм’ер-міністра адмовілі ў прытулку, ён вярнуўся ў Тырану, дзе ён перанёс апэрацыю з прычыны раку горла.

«Ён пакутаваў доўгі час ад цяжкай хваробы і ня мог знайсьці лячэньне тут [у Косаве],» сказаў Мустафа. «Але ён ніколі не абмяркоўваў гэтае пытаньне са сваёй сям’ёй — што ён зьбіраецца шукаць прытулку, каб атрымаць мэдыцынскую дапамогу.»

«Мне было балюча даведацца гэта,» — працягвае Мустафа, — «але брат падзяліў лёс многіх нашых грамадзян, якія вырашылі такім чынам шукаць выйсьця з сацыяльных ці іншых праблем або беспрацоўя.»



Колькасьць жыхароў Косава, якiя просяць прытулку ў Эўразьвязе, пачала імкліва расьці з канца 2014 году. Экспэрты па пытаньнях міграцыі кажуць, што асноўная прычыны зыходу з Косава — узровень беспрацоўя ( 35 працэнтаў на працягу 2014 года). Сярод маладых людзей ва ўзросьце ад 15 да 24 гадоў ўзровень беспрацоўя дасягнуў 61 працэнта.