23 красавіка ў Беларусі пройдзе рэспубліканскі суботнік. Рашэньне ўхваленае адпаведнай пастановай Савету міністраў № 214. За сваю «добраахвотную» працу работнікі дзяржсэктару не атрымаюць ні рубля, а ўсе грошы пойдуць у казну.
У дзень Канстытуцыі 15 сакавіка беларускіх школьнікаў масава прымалі ў піянэры, а празь месяц беларусам давядзецца перажыць наступствы яшчэ аднаго савецкага атавізму — «ленінскага суботніка».
Згодна з урадавай пастановай, органам дзяржаўнага кіраваньня і іншым арганізацыям, падпарадкаваным ураду, рэкамэндавана «на добраахвотнай аснове правесьці рэспубліканскі суботнік».
Адпрацаваць суботнік можна на працоўным месцы, а таксама на добраўпарадкаваньні тэрыторыяў ці прывядзеньні ў належны стан пахаваньняў часоў Вялікай Айчыннай вайны.
Удакладняецца, што палова атрыманых сродкаў будзе накіраваная ў Міністэрства фінансаў, астатнія 50% застануцца ў распараджэньні аблвыканкамаў і Менгарвыканкаму.