Мацкевіч абвінаваціў міліцыянтаў у ілжэсьведчаньні: «Буду дамагацца, каб вы выйшлі на вуліцу з плякатам «Працы!»

Уладзімер Мацкевіч

У судзе Цэнтральнага раёну Менску адбыўся працэс над палітолягам і грамадзкім дзеячам Уладзімерам Мацкевічам. Яго зьвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу прадпрымальнікаў 15 лютага, на якім яго не было.

Паводле адміністрацыйнага пратаколу, складзенага ў адпаведнасьці з часткай 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу, Уладзімер Мацкевіч падчас мітынгу трымаў плякат «Працу!». Незвычайнасьць справы палягае ў тым, што ў гэты дзень абвінавачаны быў у Варшаве і на мітынгу не прысутнічаў. Уладзімер Мацкевіч паведаміў Свабодзе падрабязнасьці:

«У гэты дзень я быў у Варшаве паводле службовых спраў. Калі вярнуўся — раптам атрымаў позву з пазначаным артыкулам, а таксама сакратар прыслаў СМС-паведамленьне, выклікаючы ў суд. Я патэлефанаваў сакратару суду, каб высьветліць, што здарылася, і ён паведаміў пра мітынг 15 лютага.

Мне стала цікава: хто сьведка таго, што я быў на мітынгу, і якія ў іх ёсьць доказы, калі я ў гэты час быў у Варшаве? Мне хацелася пабачыць гэтых людзей і паглядзець ім у вочы. У мяне засталіся квіткі на самалёт, пазнака ў пашпарце аб пераходзе мяжы, і разам з адвакатам мы прыйшлі ў суд.

Сьведкі Ільля Якаўлеў і Аляксандар Шышко

На судзе тры сьведкі — два амапаўцы і ўчастковы міліцыянт: Якаўлеў, Шышко і Прасьняк — прад’явілі фатаздымак, на якім чалавек, нават не падобны да мяне, трымае плякат з надпісам «Працу!». Тым ня менш сьведкі сьцьвярджалі, што гэта менавіта я трымаю плякат, і яны ў гэтым упэўненыя стоадсоткава. Я перапытаў іх яшчэ раз: ці пазнаюць яны мяне і ці дакладна мяне бачылі. Яны без усялякага сораму і сумневу пацьвердзілі, што так, пазнаюць, што ўпэўненыя ў гэтым цалкам.

Калі я ўсё выслухаў, то зрабіў заяву, што сказанае хлусьня, і ў пацьверджаньне прапанаваў суду квіткі, копію майго пашпарту з пазнакамі пра выезд за мяжу ў гэтыя дні. Прапанаваў суду таксама зьвярнуцца з запытам у Памежны камітэт, каб той пацьвердзіў факт маёй адсутнасьці ў краіне.

Затым я задаў пытаньне сьведкам: паколькі вы заявілі, што мяне ня ведаеце, са мной не знаёмыя, у вас няма асабістых матываў ілжэсьведчыць супраць мяне і ўводзіць суд у зман. Значыць, ёсьць зьнешняя прычына ў тым, што вы мяне абвінавацілі. Хто вам аддаў загад мяне абвінаваціць? Яны нічога сказаць не маглі. А ўчастковы міліцыянт — пэўна, найбольш дасьведчаны зь іх — адказаў, што, маўляў, на гэтае пытаньне мы ня будзем адказваць. Тады я заявіў, што буду дамагацца, каб вас усіх трох звольнілі з працы і каб вы самі выйшлі на вуліцу з транспарантам, які вы мне прыпісалі: «Працу!».

Тым часам судзьдзя Вікторыя Шабуня прыняла дзіўнае рашэньне: мяне не апраўдала, не спыніла справу ў сувязі зь яе недаказанасьцю, а адправіла пратакол на дапрацоўку назад у Цэнтральны РУУС. Я вельмі быў зьдзіўлены такому рашэньню, але адвакат мне патлумачыла, што такое рашэньне не дае магчымасьці апэляцыі. Судзьдзя прыкрыла гэтым рашэньнем найперш сябе, а вы там у міліцыі разьбірайцеся са сваімі ілжэсьведкамі.

Судзьдзя Вікторыя Шабуня

​Калі ж яны гэтак самі сябе падставілі, як апошнія невукі, то гэтую сытуацыю неабходна павярнуць туды, адкуль яна сыходзіла. Я намераны зрабіць крокі насустрач, каб ілжэсьведкі за свае дзеяньні панесьлі адказнасьць. Але для гэтага неабходныя прафэсійныя дзеяньні юрыста, чым мы і будзем займацца ў бліжэйшы час».

У гэты ж дзень за ўдзел у прадпрымальніцкім мітынгу 15 лютага судзьдзя Вікторыя Шабуня пакарала актывіста Паўла Сяргея штрафам 50 базавых велічынь, альбо 10,5 мільёна беларускіх рублёў.