Іран не пагадзіўся з прапановай Расеі і Саудаўскай Арабіі замарозіць здабычу нафты

Іран адмовіўся замарозіць здабычу нафты, заблякаваўшы прапановы Расеі і Саудаўскай Арабіі, якія такім чынам хочуць падняць усясьветныя цэны на нафту.

Міністар нафтаздабычы Ірану Біджан Надар Занганэ сказаў у інтэрвію тэлеканалу Press TV 13 сакавіка, што іншыя нафтаздабыўчыя краіны павінны «пакінуць нас у спакоі».

Занганэ дадаў, што Тэгеран разглядзіць магчымасьць замарозіць здабычу нафты толькі пасьля таго, як давядзе яе аб’ём да 4 мільёнаў барэляў штодня. На такім узроўні здабыча нафты Іранам знаходзілася да таго, як супраць краіны ўвялі міжнародныя санкцыі ў сувязі зь яе ядзернай праграмай.

Паводле арганізацыі краінаў-экспартэраў нафты, цяпер Іран здабывае ад 2.8 мільёнаў да 3.5 мільёнаў барэляў на дзень.

Цэны на нафту ад сярэдзіны 2014 году, калі яны былі на піку, упалі на 70 працэнтаў.