За люты ў Менску антырэкорд па колькасьці кватэраў на продаж

У лютым на продаж на другасным рынку ў Менску выстаўленыя рэкордныя 9,7 тысяч кватэраў, а сярэдні кошт на квадратны мэтар зьнізіўся на 4%.

Пасьля зьніжэньня коштаў на другаснае жыльлё 1 м² у аднапакаёвых кватэрах каштуе 1 385 даляраў, у двухпакаёвых — 1 350, у трохпакаёвых кватэраў — 1 345. Пра гэта БелаПАН расказаў Андрэй Чарнышоў, намеснік начальніка аддзела кансалтынгу і аналітыкі групы кампаній «Твая сталіца».

«Аб’ём прапановы расьце й гэта аказвае ціск на прадаўцоў, прымушае іх зьніжаць цэны, — сказаў Чарнышоў. — Бо ў выпадку першапачаткова завышанай цаны на кватэру на яе папросту ня зьвернуць увагі».

Чарнышоў адзначыў, што па колькасьці праведзеных зьдзелак люты 2016 года аказаўся больш актыўным, чым аналягічныя пэрыяды 2015 і 2014 гадоў. У параўнаньні са студзенем 2016 года колькасьць зарэгістраваных пераходаў права ўласнасьці вырасла на 66%. Апошні раз такі вялікі паказчык быў зафіксаваны толькі ў лютым 2013 года.

«Падобная актыўнасць пакупнікоў абумоўленая як сэзоннасьцю, так і студзеньскім пяціадсоткавым зьніжэньнем цэн», — лічыць аналітык.

Паводле яго слоў, зьніжэньне коштаў у новабудах склала толькі 2%. Па выніках заключаных зьдзелак сярэдні кошт квадратнага мэтру кватэраў стандартных спажывецкіх якасьцяў склаў 1 135 даляраў за 1 квадратны мэтар для аднапакаёвых, 1 045 — для двухпакаёвых і 1 005 — для трохпакаёвых кватэраў.

Справа ў тым, што зьніжэньне цэн на другасным рынку дазволілі большай колькасці пакупнікоў у лютым спыніць свой выбар не на кватэрах новых стандартных спажывецкіх якасьцяў (яны, як правіла, патрабуюць касмэтычнага рамонту й прадаюцца бяз мэблі), а набыць кватэры гатовыя да пражываньня.

Як адзначыў Чарнышоў, зьніжаецца розьніца паміж коштам квадратнага мэтру ў кватэрах стандартных спажывецкіх якасьцяў і кватэрах, гатовых да пражывання.

«Калі ў 2015 годзе розніца ў кошце складала каля 15%, то ў 2016-м назіраецца імклівае зьбліжэньне узроўняў коштаў: студзень — 14%, люты — 10%», — канстатаваў Чарнышоў.

У той жа час на рынак арэнднага жыльля зьмены коштаў мала паўплываюць, лічыць экспэрт. Існуе меркаванне, што зьніжэнне ставак арэнды, памяньшэньне колькасьці арэндатараў і павышэньне камунальных плацяжоў можа прымусіць уладальнікаў арэндных кватэраў выставіць іх на продаж.

«Аднак такую пэрспектыву можна назваць вельмі аддаленай, паколькі нестабільная эканамічная сытуацыя робіць ўкладаньне сродкаў у нерухомасьць, нават на падаючым рынку, значна больш стабільным актывам, чым усе астатнія, — кажа Чарнышоў. — Бо пэрыяд спаду рана ці позна зьменіцца пэрыядам стабільнасьці й росту. Менавіта таму шматлікія ўладальнікі кватэраў лічаць, што лепш ўтрымліваць арэнднае жыльлё, якое прыносіць хай меншы, чым раней, але ўсё жа прыбытак, чым выстаўляць яго на продаж па нізкіх коштах».