Ужо сёньня, 11 сакавіка: 450-годзьдзе другога Статуту ВКЛ, 105 гадоў Ляву Гарошку, аварыя на Фукусіме, адкрыцьцё дзіцячага хосьпісу

Віржыні Шыманец, Мары Шыманец, Лявон Шыманец, біскуп Часлаў Сіповіч, айцец Леў Гарошка.

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

«Хрысьціянска-дэмакратычны рух» аспрэчвае ў Вярхоўным судзе рашэньне Мінюсту аб нерэгістрацыі. (вул. Леніна, 28, пачатак аб 11-й).

У Менску пройдзе чарговая сустрэча трохбаковай перамоўнай групы па Ўкраіне.

У новым будынку дзічяцага хосьпісу (пасёлак Вопытны Менскага раёну) пройдзе дзень адчыненых дзьвярэй. Ад’езд у 12:30 ад будынку Нацыянальнага прэс-цэнтру.

Беларускае швейнае прадпрыемства «Элема» праводзіць паказ вясновай калекцыі, запрошаныя ў тым ліку жонкі дыпляматаў. Менск, Трасьцянецкая, 5а, пачатак у 11:45.

Празаік Марыя Роўда прадставіць у прасторы «Кніжная шафа» сваю кнігу апавяданьняў і аповесьцяў «Клінічны выпадак, альбо Дарэмныя ўцёкі». Спэцыяльныя госьці — музыка Арцём Сітнікаў і паэтка Віка Трэнас. (Менск, пр. Дзяржынскага, 9 , пачатак у 19.00.

Чаму беларусы любяць украінскія песьні? — сустрэча ў кнігарні «ЛогвінаЎ» з фольк-гуртом «Птахі» (Менск, пр. Незалежнасьці, 37а, пачатак а 19-й).

Таксама ў гэты дзень:

1566 — зацьверджаны другі Статут Вялікага княства Літоўскага — звод законаў фэадальнага права, помнік беларускай пісьменнасьці і юрыдычнай думкі.

1802 — створаная Віцебская губерня.

1985 — Міхаіл Гарбачоў быў абраны генэральным сакратаром ЦК КПСС, пасьля сьмерці Канстанціна Чарненкі.

1990 — Вярхоўны Савет Літоўскай ССР прыняў акт, якім заявіў аб выхадзе рэспублікі са складу Савецкага Саюзу.

2011 — у выніку моцнага цунамі адбылася аварыя на японскай ядзернай станцыі Фукусіма.

У гэты дзень нарадзіліся:

1544 — Тарквата Таса, італьянскі паэт

1887 — Алесь Гарун, беларускі паэт

1903 — Тодар Кляшторны, беларускі паэт. Быў асуджаны пазасудовым органам НКВД 29 кастрычніка 1937 і як «член антысавецкай арганізацыі» прысуджаны да вышэйшай меры пакараньня з канфіскацыяй маёмасьці

1911 — айцец Леў Гарошка, беларускі рэлігійны дзяяч, навуковец, публіцыст, галоўны рэдактар часопісу «Божым шляхам», архімандрыт Грэка-каталіцкай царквы

У гэты дзень памерлі:

1906 — Іван Пуліхаў, рэвалюцыянэр, тэрарыст, сябра партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, пакараны сьмерцю за замах на менскага генэрал-губэрнатара Курлова,

1941— Аляксандар Уласаў, грамадзкі дзяяч, рэдактар і выдавец першай беларускай газэты «Наша Ніва». У 1918 годзе ўвайшоў у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У кастрычніку 1939 году быў арыштаваны НКВД і перавезены ў Менск. У лістападзе 1940 году асуджаны на 5 гадоў канцлягераў за «шпіёнска-правакатарскую дзейнасьць». Памёр у зьняволеньні ў Расеі.

2006 — у турме Гаагскага трыбуналу памёр Слабадан Мілошавіч. У сувязі з ваеннымі канфліктамі на Балканах, падчас якіх адбылася ў тым ліку бойня 8 тысяч мусульман у Срэбраніцы, Мілошавіч быў абвінавачаны судом па больш як 60 пунктах, сярод іншага ў генацыдзе і злачынствах супраць чалавецтва.

Цытата:

Палітычныя рэжымы, усталяваныя Мілошавічам і Лукашэнкам, спалучалі ў сабе «папулісцкія» і «султанісцкія» рысы. Папулісцкія элемэнты праяўляліся ў імкненьні абодвух прэзыдэнтаў вызначыць сваю ўнікальную асабістую місію, у іх харызматычных якасьцях, а таксама іх настойлівым звароце да даміноўных элемэнтаў палітычных культураў сваіх грамадзтваў. Папулізм (ці, папросту, імкненьне быць папулярнымі) падштурхоўваў лідэраў легітымізаваць кожны свой крок воляй масаў. «Султанісцкія» элемэнты адбіліся ў сыстэме пэрсанальнага праўленьня і манапалізацыі фармальнай і нефармальнай улады, у якой фармальная сыстэма дзяржаўных інстытутаў і герархіі, якую вызначала ўлада, губляла сваё значэньне, а разьмеркаваньне ўлады цалкам залежала ад выбару лідэра і ад ляяльнасьці да яго, якая ў сваю чаргу падтрымлівалася палітыкай бізуна і перніка ў дачыненьні да сваіх падначаленых.

Віталь Сіліцкі. З дасьледаваньня «Адкладзеная свабода. Посткамуністычны аўтарытарызм у Беларусі і Сэрбіі». Пасьмяротная вэрсія гэтай кнігі была зьнішчаная за загад Міністэрства інфармацыі.