Гаворка ідзе пра буйнамаштабныя вучэньні па імгненным перамяшчэньні з ЗША і разгортваньні ў Швэцыі сучасных амэрыканскіх сыстэм паветранай абароны. Паводле Фрэдрыка Бэна Ходжэса, такім чынам Швэцыя можа атрымаць узбраеньне для абароны сваёй паветранай прасторы, якое ў яе цяпер адсутнічае, а гэты захад стане ясным папярэджаньнем Расеі, што ЗША і НАТО маюць намер ахоўваць паветраныя межы краінаў рэгіёну Балтыйскага мора.
Днямі ў Швэцыі быў апублікаваны законапраект, паводле якога Швэцыя, у якасьці краіны-гаспадыні, зможа даваць дазвол на выкарыстаньне сваёй тэрыторыі для вайсковых вучэньняў Паўночнаатлянтычнага альянсу. Калі закон пройдзе галасаваньне ў парлямэнце, ён можа ўступіць у сілу ўжо 1 ліпеня сёлета.
Швэцыя па-ранейшаму прытрымліваецца палітыкі недалучэньня да вайсковых альянсаў, а парлямэнцкая большасьць пакуль не падтрымлівае ідэю далучэньня Швэцыі да НАТО.