СБУ: Затрыманы з «Азова» Красноў «зьліваў» інфармацыю Расеі

Станіслаў Красноў

Паводле Службы бясьпекі Ўкраіны, камандзір цывільнага корпусу «Азоў-Крым» Станіслаў Красноў працаваў на расейскі бок.

Пра гэта паведаміў кіраўнік апарату старшыні СБУ Аляксандр Ткачук падчас брыфінгу.

«Красноў знаходзіцца на сувязі з ФСБ з 2014 году. На апошняй сустрэчы ў Беларусі яны з расейскім куратарам абмяркоўвалі пытаньні выкарыстаньня выбухоўкі», — сказаў Ткачук.

Акрамя таго, паводле Ткачука, Красноў перадаў расейскаму боку сьпісы палка «Азоў».

Як адзначыў прадстаўнік СБУ, у ноч на 28 лютага Красноў быў затрыманы на запраўцы пасьля закладкі тайніка на трасе Кіеў-Харкаў каля вёскі Шчасьлівае. Ён спрабаваў уцячы, аказваў супраціў.

У схованцы праваахоўнікі знайшлі плястыкавую выбухоўку (42 кг у тратылавым эквіваленце — гэта 7 процітанкавых мінаў паводле сілы дзеяньня), а таксама 10 дэтанатараў, гранаты і іншыя матэрыялы.

Паводле дадзеных СБУ, Красноў папярэдне выдаліў выбухоўку зь іншай схованкі.

28 лютага Краснову выстаўленае абвінавачаньне паводле артыкулу за незаконнае абыходжаньне са зброяй, боепрыпасамі або выбуховымі рэчывамі.