Маскоўскі патрыярх дабраўся да Антарктыды

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл у сераду вылецеў з чылійскага гораду Пунта-Арэнас ў Антарктыду, дзе ён адслужыць літургію і сустрэнецца з палярнікамі.

Як паведаміў у сераду яго прэс-сакратар Аляксандар Волкаў, патрыярх ўпершыню адслужыць літургію ў адзіным і пастаянна дзеючым храме ў Антарктыдзе — праваслаўным храме Сьвятой Тройцы на расейскай станцыі Бэленсгаўзэн на востраве Ватэрлоо.

Паводле Волкава, гэта гістарычная падзея ў жыцьці расейскага праваслаўя, якая сьведчыць аб тым, што Расейская праваслаўная царква нясе сваё служэньне на ўсіх кантынэнтах.

Разам з Кірылам у Антарктыду адправіліся члены дэлегацыі РПЦ, якія суправаджаюць патрыярха у ходзе яго візыту ў Лацінскую Амэрыку.

На мінулым тыдні на Кубе адбылася першая ў гісторыі сустрэча патрыярха маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла з папам рымскім Францішкам. Па выніках перамоў была падпісана сумесная дэклярацыя, якая сярод іншага заклікае сусьветную супольнасьць да хуткіх дзеяньняў, якія дапамогуць абараніць хрысьціян.