Ужо сёньня, 15 лютага: скасаваньне санкцый ЭЗ супраць Рэспублікі Беларусь

Афіша

Брусэль — Эўрапейскі Зьвяз, як чакаецца, адменіць санкцыі супраць Беларусі ў адказ на «прагрэс, дасягнуты беларускімі ўладамі ў галіне правоў чалавека». Пра гэта паведамляюць інфармацыйныя агенцтвы AFP і DPA са спасылкай на дыпляматычныя крыніцы ў ЭЗ.

Гаворка ідзе пра візавыя і фінансавыя абмежаваньні ў дачыненьні да 170 грамадзян Беларусі, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі, і трох юрыдычных асоб. Гэтыя санкцыі былі ўведзеныя ў 2012 годзе ў сувязі з парушэньнямі правоў чалавека ў краіне. У кастрычніку летась Эўразьвяз на чатыры месяцы (да 29 лютага 2016 году) часова прыпыніў дзеяньне гэтых санкцый. Як чакаецца, міністры замежных спраў у панядзелак прымуць рашэньне аб іх адмене на пастаяннай аснове.

Разам з тым у дачыненьні да Менску ў сіле застануцца эмбарга на пастаўку зброі, а таксама абмежавальныя меры супраць беларускіх грамадзян, якія маюць дачыненьне да выкраданьняў апанэнтаў рэжыму 15 гадоў таму.

У гісторыі:

1386 — вялікі князь літоўскі Ягайла з братамі Карыгайлам, Сьвідрыгайлам, Вігандам і сваімі баярамі прыняў каталіцтва і атрымаў імя Ўладзіслаў.

1563 — войска Івана Грознага захапіла Полацак. Да свайго тытулу цар загадаў дадаць і «Вялікі князь Полацкі».

1989 — Завершаны вывад савецкіх войскаў з Афганістану.

2008 — Вацлаў Клаўс абраны прэзыдэнтам Чэхіі на другі тэрмін

2011 — на ўсходзе Лібіі пачаліся дэманстрацыі супраць аўтарытарнага рэжыму Муамара аль-Кадафі

У Сэрбіі — Дзень незалежнасьці

У гэты дзень нарадзіліся:

1564 — Галілеа Галілей, італьянскі фізык, матэматык, астраном і філёзаф, імя якога зьвязана з навуковай рэвалюцыяй. Сярод ягоных дасягненьняў выдзяляюць сыстэматычнае вывучэньне паскоранага руху, паляпшэньне тэлескопу, шэраг астранамічных назіраньняў. Шырока падтрымліваў вучэньне Капэрніка.

1904 — Ларыса Александроўская, беларуская опэрная сьпявачка.

1959 — Пятро Васючэнка, беларускі літаратуразнаўца, крытык і празаік.

У гэты дзень памёрлі:

1857 — Міхаіл Глінка, расейскі кампазытар.

Цытата:

«Беларусы маглі б выконваць місію пасярэдніка паміж Усходам і Захадам. Тое, чым яны займаліся пакрыёма, цішком яшчэ за часамі Скарыны і Сімяона Полацкага, неўзабаве можа ажыцьцяўляцца маніфэстацыйна. Гэтаксама як і дзяліцца таямніцамі нацыянальнага выжываньня ў самых неспрыяльных геапалітычных варунках. Нэгатыўны досьвед сваёй гісторыі беларус можа абярнуць у пазытыў. Беларусы застаюцца хобітамі эўрапейскага лесу, але якраз цяпер ад іх варта чакаць чагось цалкам непрадказальнага».

Пятро Васючэнка