У Нігерыі ахвярамі новага нападу сталі каля 60 мірных жыхароў

Ахвяры ранейшага нападу «Боку харам» каля разбураных дамоў у Майдугуры, сталіцы нігерыйскага штату Борна.

На паўночным усходзе Нігерыі дзьве жанчыны з выбухоўкай напалі на лягер уцекачоў, забіўшы каля 60 чалавек.

Трэцяя ўдзельніца нападу ня стала прыводзіць у дзеяньне выбуховае прыстасаваньне, даведаўшыся, што ў лягеры знаходзяцца яе сваякі. Яна арыштаваная і дала паказаньні паліцыі.

Як паведамляе мясцовае агенцтва па надзвычайных сытуацыях, напад адбыўся 10 лютага. Каля 80 чалавек з раненьнямі знаходзяцца ў мэдычных пунктах.

У лягеры знаходзяцца каля 50 тысяч уцекачоў з зоны баёў з экстрэмістамі.

Напярэдадні прайшло пахаваньне 51 ахвяры разьні, наладжанай экстрэмістамі ў горадзе Дзіква, за паўсотню кілямэтраў ад Майдугуры, сталіцы нігерыйскага штату Борна.

Ахвярамі баявых дзеяньняў экстрэмістаў ісламісцкай групоўкі «Боку харам» у Нігерыі за апошнія шэсьць гадоў сталі 20 тысяч чалавек, яшчэ два з паловай мільёны былі вымушаныя пакінуць сваё жытло.