Такое меркаваньне агучвае расейскае інфармацыйнае агенцтва EADaily.
Прэзыдэнт Акадэміі геапалітычных праблемаў, былы начальнік Галоўнага ўпраўленьня міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Мінабароны РФ генэрал-палкоўнік Леанід Івашоў заявіў агенцтву, што фармальная адсутнасьць авіябазы не перашкаджае разьвіцьцю ваеннага супрацоўніцтва дзьвюх дзяржаваў.
Нам ня трэба дапускаць прыходу празаходніх сілаў да ўлады ў Беларусі, каб не атрымалася, як ва Ўкраіне.
«Калі Аляксандру Рыгоравічу ідэя разьмяшчэньня авіябазы не асабліва падабаецца, і ён разглядае гэта як нейкае ўшчамленьне свайго сувэрэнітэту, то юрыдычнага афармленьня ваеннай базы ня трэба. Проста трэба разьвіваць адзіную абаронную прастору. А яна ёсьць — працуе сумесная калегія міністэрстваў абароны, узаемадзейнічаюць генэральныя штабы, у ходзе вучэньняў, камандна-штабных гульняў адпрацоўваюцца пытаньні забесьпячэньня бясьпекі як Беларусі, так і нашага заходняга стратэгічнага кірунку, уключаючы і прыбалтыйскі. А калі ўжо сапраўды паўстане пагроза, то перадысьлякаваць шэраг частак, і ня толькі авіяцыйных, будзе нескладана. Зь іншага боку, нам сёньня трэба дапамагаць умацаваньню беларускіх узброеных сілаў», — сказаў Івашоў.
На думку Івашова, каб ваеннае супрацоўніцтва дзьвюх краінаў не было пастаўлена пад пагрозу, Расея павінна цалкам выключыць сцэнар прыходу да ўлады ў Беларусі празаходніх сілаў:
«Нам ня трэба дапускаць прыходу празаходніх сілаў да ўлады ў Беларусі, каб не атрымалася, як ва Ўкраіне. Мы ж павінны здабываць нейкую карысьць са сваіх паразаў. Таму трэба працаваць над гэтым, а ў аснову супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў рамках Саюзнай дзяржавы ставіць не эканоміку, якая разьядноўвае народы, а гуманітарную сфэру, культуру, навуку, адукацыю і сумесныя тэхналёгіі. А мы толькі і робім, што спрабуем ў Лукашэнкі забраць яго эфэктыўныя прадпрыемствы і падпарадкаваць іх нашай алігархіі», — адзначыў ён.
Адначасова EADaily публікуе інтэрвію галоўнага рэдактара часопіса «Нацыянальная абарона» Ігара Каротчанка, у якім ён кажа, што пытаньне расейскай авіябазы застаецца актуальным для Масквы.
Разьлічваем, што нашы беларускія калегі, нягледзячы на палітычную каньюнктуру і жаданьне спадабацца Эўропе, усё ж выканаюць дасягнутыя дамоўленасьці.
«Я думаю, што з пункту забесьпячэньня ваенных інтарэсаў Саюзнай дзяржавы, інтарэсаў самой Беларусі, а таксама інтарэсаў Расеі адкрыцьцё расейскай авіябазы ў Беларусі — па-ранейшаму актуальнае пытаньне. Гэта пытаньне забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі як для Масквы, так і для Менску. Разьлічваем, што нашы беларускія калегі, нягледзячы на палітычную каньюнктуру і жаданьне спадабацца Эўропе, усё ж выканаюць дасягнутыя дамоўленасьці», — сказаў Каротчанка.
Паводле слоў галоўнага рэдактара, «Аляксандар Лукашэнка як мудры палітык павінен разумець, што ён ніколі ня будзе для Захаду сваім». «Пры любой найменшай магчымасьці ЗША і Эўразьвяз запусьцяць мэханізм каляровай рэвалюцыі ў Менску для таго, каб зрынуць Лукашэнку, і яго лёс будзе вельмі сумны. Аляксандар Рыгоравіч павінен разумець, што адзіны тыл, адзіны саюзьнік для яго — гэта Расея, сумесна зь якой ён можа абараняць і нацыянальны сувэрэнітэт Беларусі. Толькі так, і няйначай», — падкрэсьліў Каротчанка.