Сцэнар пераадоленьня карупцыі існуе і працуе. Аказваецца, гэта няцяжка

Пераадолець карупцыю ва ўмовах, калі сыстэма суду і пракуратуры лічыцца наскрозь карумпаванай, можна толькі стварыўшы спэцыяльную ўстанову, якая мела б прыкметы міжнароднага трыбунала. Пра гэта на старонках уплывовага выданьня The Foreign Policy піша Джош Коэн, былы супрацоўнік Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці USAID, які ў раней займаўся мэнэджмэнтам эканамічных рэформаў у дзяржавах былога СССР.

Экспэрт зьвяртае ўвагу на досьвед працы Міжнароднай камісіі супраць беспакаранасьці ў Гватэмале (International Commission Against Impunity in Guatemala). Нагодай для артыкулу паслужыла карупцыйная сытуацыя ва Ўкраіне, аднак гватэмальскі вопыт можа быць карысным і для іншых краінаў, якія хочуць сапраўды пераадолець карупцыю.

Міжнароднай камісіі супраць беспакаранасьці ў Гватэмале, створанай сумеснымі намаганьнямі ўраду краіны і ААН, былі нададзеныя ўнікальныя паўнамоцтвы, а ўрад фактычна адмовіўся ад часткі сувэрэнных паўнамоцтваў дзеля прадстаўленьня CICIG рэальных магчымасьцяў для эфэктыўнай барацьбы з карупцыяй.

У выніку CICIG ад пачатку сваёй працы ў 2006 годзе расьсьледавала больш за 200 справаў аб карупцыі ў вышэйшых эшалёнах улады і выставіла абвінавачваньні 160-ці дзеючым і былым чыноўнікам.

«CICIG не баіцца моцных. Сярод прыцягнутых да адказнасьці ўплывовыя бізнэсоўцы, былыя генэралы, былыя міністры абароны і ўнутраных справаў, былыя кіраўнікі паліцыі, былы прэзыдэнт і нават дзеючы на той час кіраўнік дзяржавы. Прэзыдэнт Ота Пэрэс Малін падаў у адстаўку, а ў верасьні яму былі выстаўленыя афіцыйныя абвінавачаньні па справе аб карупцыі на мытні на 120 мільёнаў даляраў», — піша Коэн.

Дасьледчык вылучыў ключавыя асновы для пасьпяховай працы CICIG і вызначыў, якія зьмены формула працы гэтай структуры павінна панесьці для адпаведнасьці ўкраінскім рэаліям.

У Гватэмале

Змаганьне з карупцыяй атрымала посьпех дзякуючы квазіміжнароднай структуры. Яна была створаная як незалежнае агенцтва з мандатам на расьсьледаваньне магутных крымінальных сетак, якія беспакарана дзейнічалі пасьля працяглай грамадзянскай вайны.

Фінансуецца замежнымі ўрадамі — галоўным чынам ЗША, а самімі сродкамі кіруе міжнародны траст, створаны ААН.

Працуе ў рамках заканадаўства краіны і ў яе судах, але інстытуцыйна зьяўляецца асобнай ад астатняга ўраду ўстановай.

Мандат арганізацыі аднаўляецца кожныя два гады. Прэзыдэнт Гватэмалы павінен узгадніць з ААН аднаўленьне працы агенцтва кожны раз, калі 2-гадовы мандат падыходзіць да канца.

Ва Ўкраіне

Агенцтва павінна запрацаваць з мандатам мінімум на 5 гадоў, ён павінен абнаўляцца аўтаматычна, за выключэньнем спыненьня паўнамоцтваў агенцтва адмысловым законам.

ЗША і заходнія донары загадзя павінны прафінансаваць першыя 5 гадоў працы арганізацыі. Гэта 200 мільёнаў даляраў.

Агенцтва павінна атрымаць паўнамоцтвы пракуратуры.

«Украінская CICIG павінна мець магчымасьць самастойна ўзбуджаць крымінальныя справы ў дадатак да мандату на іх расьсьледаваньне», — піша Коэн.

Агенцтва павінна быць выведзена за межы ўкраінскай судовай сыстэмы, паколькі ўкраінскія судзьдзі цалкам карумпаваныя.

Пры ўмове выкананьня папярэдняга пункта, агенцтва, па сутнасьці, зможа беспакарана прызначаць уласных судзьдзяў, а значыць для таго, каб забясьпечыць самыя высокія стандарты правасудзьдзя, у рамках агенцтва трэба будзе падзяліць «кітайскай сьцяной» судзьдзяў і іншых супрацоўнікаў структуры.

«Яны павінны працаваць у асобных памяшканьнях, а зносіны паміж пракурорамі і судзьдзямі за межамі залі судовых пасяджэньняў павінны быць забароненыя», — піша Коэн.

На думку дасьледчыка, «перайманьне прыкладу Гватэмалы можа быць адзінай надзеяй на палітычную будучыню для надзвычай непапулярнага прэзыдэнта Ўкраіны Парашэнкі».