Палякі затрымалі на мяжы зь Беларусьсю двух лібійцаў, якіх правяраюць на сувязі з «Ісламскай дзяржавай».

Польская паліцыя

У выходныя ў Польшчы непадалёк ад мяжы зь Беларусьсю затрымалі двух лібійцаў. Цяпер іх правярае Агенцтва ўнутранай бясьпекі, бо адзін зь іх прыехаў з Бэльгіі, а другі выкарыстаў фальшывы пашпарт.

Паводле інфармацыі польскай радыёстанцыі RMF FM, затрыманыя ехалі на аўтамабілі з бэльгійскімі нумарамі. Польскія службы бясьпекі цяпер правяраюць, ці маюць затрыманыя сувязі з тэрарыстычнымі арганізацыямі або злачыннымі групамі.

Лічыцца, што да гэтага часу каля 500 грамадзян Бэльгіі ўступілі у шэрагі баевікоў гэтак званай «Ісламскай дзяржавы». Як піша францускае агенцтва AFP, Лібія можа быць новым напрамкам пагрозы ад гэтай арганізацыі.