Мэркель: уцекачы з Сырыі і Іраку павінны вярнуцца дамоў пасьля вайны

Ангела Мэркель

Канцлер Нямеччыны намагалася супакоіць усё больш гучных крытыкаў адкрытай палітыкі адносна мігрантаў.

Ангела Мэркель адказала на крытыку адкрытай палітыкі адносна мігрантаў з Бліжняга Ўсходу на мерапрыемстве Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу ў суботу, перадае Reuters.

Нямеччына, заверыла Мэркель, ня стане зачыняць межы, як тое прапануюць зрабіць некаторыя кансэрватары. Летась у краіну прыбылі 1,1 млн мігрантаў — немцы сумняюцца, што ўсіх іх атрымаецца інтэграваць у грамадзтва, асабліва пасьля нападаў мігрантаў на жанчын у навагоднюю ноч.

Канцлер нагадала, што зь ліку бежанцаў, якія прыбылі ў Нямеччыну з былой Югаславіі ў 1990-х, каля 70% вярнуліся дамоў.

«Неабходна сказаць людзям, што гэта часовы статус, і мы чакаем, што як толькі ў Сырыі зноў усталюецца мір, як толькі будзе пераможаная „Ісламская дзяржава“ у Іраку, яны вернуцца ў свае родныя краіны з тымі ведамі, што набылі», — казала яна.

Акрамя таго, Нямеччына будзе высылаць з краіны ўцекачоў, якія зьдзейсьнілі злачынствы, нават тады, калі іх вяртаньне на радзіму немагчымае. Пра гэта распавёў у інтэрвію Bild старшыня ведамства фэдэральнага канцлера Пэтэр Альтмаер. Для гэтага будуць скарыстаныя трэція краіны — верагодна, тыя, празь якія мігранты трапілі ў Нямеччыну, як Турэччына і балканскія краіны. Дарэчы, па словах Альтмаера, колькасьць мігрантаў, якія прыбывалі ў Нямеччыну з Турэччыны пасьля кастрычіка 2015 года зьнізілася больш чым на 60%, а з балканскіх краінаў — больш чым на 90%.

У Нямеччыне чуваць і больш радыкальныя галасы. Так, прадстаўнік правых эўраскептыкаў «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Фраўке Пэтры заявіла, што паліцыя пры неабходнасьці можа страляць па мігрантах, якія хочуць нелегальна пранікнуць у краіну. Яе словы раскрытыкавалі і многія палітыкі, і сама паліцыя, якая выступіла з заявай пра тое, што ня стане страляць па людзях, а такія заявы адносіць да «радыкальных і антыгуманных».