БДІПЧ не разумее, чаму беларускія ўлады цягнуць са зьменай правілаў выбараў

Беларускім уладам зноў не хапае часу на зьмену Выбарчага кодэксу перад чарговай электаральнай кампаніяй.

Прапановы па зьмяненьні выбарчага заканадаўства і практыкі правядзеньня выбараў знаходзяцца ў беларускіх уладаў не адзін-два дні, не адзін-два тыдні і нават не адзін-два гады. Аднак увесь гэты час улады абмяжоўваюцца выключна «касмэтычнымі» праўкамі, якія не закранаюць найбольш істотныя рэчы. А калі прадстаўнікі БДІПЧ запытваюць у кіраўніцтва Цэнтральнай выбарчай камісіі, калі ж нарэшце справа дойдзе да істотных зьменаў, то ў адказ чуюць: на чарговыя выбары гэтага, мабыць, не атрымаецца — ня хопіць часу, каб правесьці папраўкі праз Нацыянальны сход.

Менавіта так выказаў свае ўражаньні ад размовы з кіраўніцтвам ЦВК дырэктар Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ Міхаэль Георг Лінк на сустрэчы 29 студзеня зь беларускім палітыкамі і праваабаронцамі — Анатолем Лябедзькам, Міколам Статкевічам і Валянцінам Стэфановічам. У гэтай размове ўдзельнічаў і намесьнік старшыні Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Кент Харстэд, які, хоць і са спазьненьнем, але прыляцеў у Менск.

Анатоль Лябедзька

«Спадар Харстэд быў кіраўніком кароткатэрміновых назіральнікаў ад АБСЭ у кастрычніку 2015 году на прэзыдэнцкіх выбарах. А спадар Лінк кіруе Бюро. Абодва вельмі добра ведаюць сытуацыю ў Беларусі, і таму наша размова прайшла адкрыта і шчыра», — сказаў Свабодзе адразу пасьля заканчэньня сустрэчы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

«Мы сказалі, што ЦВК спрабуе весьці старую гульню — весьці дыскусію па вялікім масіве паправак. А потым прыняць некалькі дробных і неістотных зьменаў.

Наш падыход абсалютна іншы. Мы прапануем факусаваць увагу не на колькасных паказьніках, а на якасных. Гэта азначае, што найперш трэба зрабіць наступныя рэчы — забясьпечыць празрысты падлік галасоў, плюралістычнае фармаваньне выбарчых камісіяў і дазволіць датэрміновае галасаваньне толькі тым выбарцам, якія зь нейкіх сур’ёзных прычынаў сапраўды ня могуць прыйсьці да скрыняў у асноўны дзень галасаваньня.

Тут у нас і спадароў Харстэда і Лінка думкі цалкам супадаюць — для істотных зьменаў патрэбная палітычная воля вышэйшага кіраўніцтва Беларусі».

Выбары ў Палату прадстаўнікоў, згодна зь дзейным заканадаўствам, найбольш верагодна пройдуць 11 верасьня 2016 году.