Белы дом падтрымлівае меркаваньне Мінфіна ЗША аб карупцыі Пуціна

Барак Абама

«Ацэнка прадстаўніка Мінфіна ЗША лепш за ўсё адлюстроўвае меркаваньне адміністрацыі», — сказаў прэс-сакратар Белага дома.

Заява прадстаўніка Міністэрства фінансаў ЗША аб датычнасьці прэзыдэнта Расеі да карупцыі адлюстроўвае афіцыйную пазыцыю амэрыканскай адміністрацыі. Пра гэта заявіў ў чацьвер, 28 студзеня, на брыфінгу прэс-сакратар Белага дома Джош Эрнэст.

Раней на гэтым тыдні, Адам Шубін, які выконвае абавязкі намесьніка міністра фінансаў па пытаньнях тэрарызму і фінансавых злачынстваў, сказаў у інтэрвію Бі-Бі-Сі, што ЗША лічаць Пуціна карумпаваным.

«Ацэнка прадстаўніка Мінфіна ЗША лепш за ўсё адлюстроўвае меркаваньне адміністрацыі», — сказаў Эрнэст. У той жа час ён ня змог адказаць на пытаньне, ці маюць ЗША намер увесьці санкцыі супраць Пуціна, паказаўшы на тое, што гэта зьяўляецца юрысдыкцыяй Мінфіна.