«Украіна не стварыла нам аніякіх дадатковых праблемаў», — старшыня Мытнага камітэту Беларусі

Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Юры Сянько

Беларускія мытнікі здолелі пераканаць сваіх расейскіх калегаў, што транспартаваць украінскія тавары, якія ідуць у Казахстан транзытам па тэрыторыі Беларусі да расейскай мяжы, са спэцыяльнай аховай няма патрэбы.

Забарона Ўладзімерам Пуціным транзыту ўкраінскіх тавараў у Казахстан праз расейскую тэрыторыю, гэтаксама як і новыя правілы гандлю паміж Украінай і Эўразьвязам, не прынесла Беларусі дадатковых складанасьцяў, — заявіў 26 студзеня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Юры Сянько.

Ён распавёў журналістам, што беларускія мытнікі здолелі пераканаць сваіх расейскіх калегаў, што транспартаваць украінскія тавары, якія ідуць у Казахстан транзытам па тэрыторыі Беларусі да расейскай мяжы, са спэцыяльнай аховай няма патрэбы:

«Пасьля таго як расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін ад 1-га студзеня сёлетняга году забараніў правоз тавараў з Украіны ў Казахстан праз расейскую тэрыторыю, яны цяпер рухаюцца празь Беларусь. Са сваімі расейскімі калегамі мы разглядалі розныя варыянты такога транзыту. І мы здолелі іх пераканаць, што няма неабходнасьці ў спэцыяльным суправаджэньні аховай такіх тавараў.

Фактычна працэдура перавозу ўкраінскіх грузаў празь Беларусь на мяжу з Расейскай Фэдэрацыяй прынцыпова не зьмянілася.

Я магу сказаць, што фактычна працэдура перавозу ўкраінскіх грузаў празь Беларусь на мяжу з Расейскай Фэдэрацыяй прынцыпова не зьмянілася. Нічога неардынарнага ні для Ўкраіны, ні для Беларусі тут не адбылося».

Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту сказаў, што пасьля ўказу Пуціна сытуацыя на беларуска-ўкраінскай мяжы ня вельмі зьмянілася:

«Асаблівай актыўнасьці ўкраінскага транзыту няма. Ад пачатку году праз нашу тэрыторыю прайшло каля 200 транспартных сродкаў з Украіны. Гэта ня больш і ня менш, чым было да ўступленьня ў сілу ўказу».

Старшыня Мытнага камітэту ўдакладніў Свабодзе, што перавозчыкі ўкраінскіх тавараў празь Беларусь плацяць звычайны падатак за карыстаньне беларускімі дарогамі:

«Ніякіх дадатковых грошай з украінцаў мы не бяром».

Юры Сянько таксама заявіў, што ня спраўдзіліся прагнозы тых, хто казаў, што пасьля таго, як уступіць у сілу пагадненьне аб гандлі Ўкраіны з Эўрапейскім Зьвязам, у Беларусь хлынуць патокі танных эўрапейскіх тавараў:

У нас з Украінай нармальныя кантакты, ні мы, ні яны на сёньня праблемаў не назіраем.

«Мы фіксуем і гэтую сытуацыю, і магу сказаць, што нічога ў гэтым кірунку не зьмянілася. Актывізацыі няма. У нас з Украінай нармальныя кантакты, ні мы, ні яны на сёньня праблемаў не назіраем».