Сьнежная бура ў ЗША: у некаторых штатах уведзены надзвычайны стан, скасаваныя тысячы авіярэйсаў

Моцная сьнежная бура накрыла 22 студзеня ўсходнюю і паўднёвую частку ЗША. У выніку некалькі штатаў абвясьцілі надзвычайны стан. На пятніцу-суботу скасавана каля 6 300 авіярэйсаў у аэрапортах Нью-Ёрка і Філядэльфіі.

Як найменш 7 чалавек загінулі ў аўтамабільных аварыях з прычыны мокрага сьнегу і галалёду. Надзвычайны стан абвясьцілі штаты Тэнэсі, Паўночная Караліна, Вірджынія, Мэрылэнд, Пэнсыльванія, акруга Калюмбіі і некаторыя часткі іншых штатаў.

Агулам мэтэрэалягічнае папярэджаньне агучылі 85 мільёнам жыхароў у як найменш 20 штатах.

З нагоды папярэджаньня пра пагаршэньне надвор’я і просьбы не пакідаць дом без патрэбы людзі пачалі масава купляць бутыляваную ваду і прадукты.

Сыноптыкі прагназуюць, што ў Вашынгтоне да другой паловы дня 23 студзеня можа выпасьці да 70 сантымэтраў сьнегу пры перарывістым ветры. У Ню-Ёрку абяцаюць у суботу-нядзелю да 30 сантымэтраў сьнегу.

У Нацыянальнай мэтэрэалягічнай службе ЗША заявілі, што бура можа паўплываць на жыцьцядзейнасьць больш як 50 мільёнаў людзей, і прытрымаецца да 24 студзеня, паралізаваўшы ўсходнюю частку ЗША. Экспэрты ацэньваюць страты на суму больш як мільярд даляраў.