Фільм пра Майдан намінаваны на «Оскар»

Стужка «Зіма ў агні» вытворчасьці Netflix можа быць прызнаная найлепшым дакумэнтальным фільмам.

«Зіма ў агні: бітва Ўкраіны за свабоду» інтэрнэт-ТВ-сэрвісу Netflix, супольнай вытворчасьці Вялікабрытаніі, ЗША і Ўкраіны вылучаная на 88-ю прэмію «Оскар» у намінацыі «лепшы поўнамэтражны дакумэнтальны фільм». Рэжысэр фільма — ізраільцянін Яўген Афінееўскі.

Пэўны час пасьля прэм’еры фільм быў дасяжны для бясплатнага прагляду ў інтэрнэце, але напярэдадні абвяшчэньня намінантаў на «Оскар» пірацкія копіі зьніклі з шырокага доступу.

Супернікамі «Зімы ў агні» ў намінацыі сталі «Погляд цішыні» пра генацыд у Інданэзіі ў 1965-1966 гадах, «Зямля картэляў» пра народнае змаганьне з мэксыканскімі наркакартэлямі, «Што здарылася, міс Сімон?», прысьвечаны сьпявачцы Ніне Сімон, і «Эмі» пра сьпявачку Эмі Ўайнхаўс.

Прэм’ера фільма адбылася на Вэнэцыянскім кінафэстывалі ў верасьні таго ж году. «Зіма ў агні» стала дасяжнай для прагляду на Netflix 9 кастрычніка 2015 году. Фільм прысьвечаны 93 дням процістаяньня на Майдане незалежнасьці ў Кіеве ў 2013-2014 гадах, у ім паказваюцца інтэрвію з удзельнікамі падзеяў і архіўныя кадры. Аўтары абяцалі «шырокамаштабны» погляд на падзеі і нават інтэрвію з 12-гадовым валянтэрам, «кінэматаграфічны хваласьпеў гераізму, духу і рашучасьці ўкраінскага народу».

Падзеям на Эўрамайдане прысьвячалі нямала кароткіх і доўгіх дакумэнтальных фільмаў, але «Зіма ў агні» стала першым маштабным заходнім праектам на гэтую тэму. Акрамя фільмаў, падзеям зімы 2013-2014 гадоў нямала песень прысьвяцілі музыкі — ад Украіны да Вялікабрытаніі.

14 студзеня былі вызначаныя і прэтэндэнты на «Оскар» у іншых намінацыях. Напрыклад, «Вяртанец з таго сьвету» (The Revenant) мэксыканскага рэжысэра Алехандра Гансалеса Іньярыту зь Леанарда Ды Капрыё вылучаны на адразу 12 намінацыяў.