Сьлёзы Барака Абамы

Your browser doesn’t support HTML5

Сьлёзы Барака Абамы

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама абвясьціў аб узмацненьні жорсткасьці кантролю за абаротам агнястрэльнай зброі, продаж якой будзе дазволены толькі па спэцыяльных ліцэнзіях і пры ўмове правядзеньня абавязковай праверкі пакупніка.

Пра гэта Абама паведаміў у аўторак на сустрэчы ў Белым доме, на якой прысутнічалі ахвяры нападаў і іх сваякі. Абама абвясьціў, што прыняў такое рашэньне, каб зьменшыць колькасьць масавых забойстваў, якія адбываюцца ў ЗША. Абама адразу павітаў у Белым доме Марка Кэлі, мужа былой дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Габрыэль Гіфардс, якая была цяжка параненая ў выніку ўзброенага нападу.

На цырымоніі прысутнічалі жонка сьвятара Клемента Пінкні, забітага падчас нападу на царкву ў горадзе Чарльстан ў 2015 годзе — Джэніфэр, генэрал-лейтэнант ВПС ЗША ў адстаўцы Пітэр Рыд, чыя дачка Мэры была забітая падчас стральбы ў тэхналягічным унівэрсытэце Вірджыніі ў 2007 годзе, Джымі Грын, бацька Аны Грэйс, забітай падчас страляніны ў 2012 годзе ў сярэдняй школе Сэндзі Хук, Даніэль Хернандэз, які дапамог выратаваць жыцьцё члену кангрэса ЗША Габрыэль Гіфардс, калі яе абстралялі ў 2011 годзе ў Таксоне.

Па афіцыйных дадзеных, за апошнія 10 гадоў у ЗША ад агнястрэльнай зброі загінулі больш за 100 тысяч чалавек, аднак рэспубліканская большасьць у Кангрэсе, знаходзячыся пад ціскам ўплывовага «зброевага лобі», адмаўляецца прыняць заканадаўства, якое абмяжоўвае гандаль вінтоўкамі і пісталетамі. У сувязі з гэтым большасьць захадаў, прапанаваных Абамам, будзе выкананая на аснове прэзыдэнцкіх указаў. Рэспубліканцы сустрэлі пачынаньне прэзыдэнта ЗША ў штыкі, абвінаваціўшы яго ў спробе абысьці Кангрэс пры вырашэньні важнай ўнутрыпалітычнай праблемы.