Намаганьні міжнароднай антытэрарыстычнай кааліцыі прывялі да таго, што тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава» за мінулы 2015 страціла кантроль над 40% сваёй тэрыторыі ў Іраку і 20% — у Сырыі. Такія дадзеныя падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Багдадзе прывёў афіцыйны прадстаўнік кааліцыі Стывэн Уорэн, перадае агенцтва Reuters.
«Мы лічым, што ў Іраку каля 40%... у Сырыі, дзе цяжэй дасягнуць добрых лічбаў, мы думаем, каля 20%. Калі браць у агульным Ірак і Сырыю, яны страцілі 30% тэрыторый, якія калісьці кантралявалі», — растлумачыў Уорэн.
Гэтыя ж дадзеныя Уорэн таксама апублікаваў і на сваёй старонцы ў Twitter.
У сацыяльнай сетцы прадстаўнік кааліцыі асобна падкрэсьліў, што «бомбы змогуць перамагчы ІД на фронце, але адзінае, што адолее ідэі ІД — новыя ідэі».