Савет Фэдэрацыі ўхваліў у пятніцу закон, які вызваляе грамадзян Беларусі ад здачы экзаменаў па расейскай мове, гісторыі і асновам заканадаўства Расеі пры атрыманьні дазволу на часовае пражываньне або віду на жыхарства ў РФ.
Пра гэта паведамляе ТАСС.
«Прыняцьце фэдэральнага закона будзе спрыяць далейшаму разьвіцьцю інтэграцыйных працэсаў на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы і ўмацаваньню дзяржаўнага саюза Расеі і Беларусі ў цэлым», — адзначаецца ў суправаджальных дакумэнтах да закона.
Раней прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, выступаючы на прэс-канфэрэнцыі пасьля перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам, заявіў аб рашэньні не распаўсюджваць на грамадзян Беларусі палажэньні аб веданьні расейскай мовы, расейскай гісторыі, а таксама заканадаўства РФ пры атрыманьні дазволу на часовае пражываньне ў РФ.
Лукашэнка ў сваю чаргу падзякаваў Пуціна за гэта рашэньне.
«Калі б было інакш, заканадаўцы сябе проста на сьмех выставілі б, таму што расейская мова — гэта наша мова. Што нас экзаменаваць у Расеі па расейскай мове, тым больш, я калісьці вам казаў, і ў гэтым годзе мы пацьвердзілі на дзіцячых конкурсах, на конкурсах настаўнікаў, на конкурсах выкладчыкаў міжнародных: Беларусь нязьменна выйграе гэтыя конкурсы па расейскай мове. Так што гэта наша мова, наша родная мова, таксама гэта дзяржаўная мова, таму добра, што вы ўлічылі гэта і не паставілі нас у няёмкае становішча, каб мы даказвалі веданьне расейскай мовы», — заявіў Лукашэнка.