Больш памежнага кантролю. Прапановы Эўракамісіі, як узмацніць Шэнген

Ахову зьнешняй мяжы шэнгенскай прасторы мела б узмацніць новая эўрапейская памежная і берагавая ахова. З такой прапановай ў Страсбуры выступілі перад эўрадэпутатамі сябры Эўракамісіі Франс Тымэрманс і Дзімітрыс Аўрамопаўлас.

Новая структура магла б узьнікнуць на базе існуючай агентуры Frontex, узмоцненай нацыянальнымі памежнымі сіламі дзяржаў Эўразьвязу. У яе распараджэньні быў бы хуткі рэзэрв са 1500 спэцыялістаў, якія могуць быць да трох дзён разьмешчаныя ў любой дзяржаве, што не спраўляецца з аховай сумеснай мяжы, дзе будуць мець мандат на ўмяшаньне. Шэраг палітыкаў ужо пачалі выказваць перасьцярогі. Так польскі міністар замежных спраў Вітольд Вашчыкоўскі лічыць, што такім чынам магла б узьнікнуць «недэмакратычная структура, пра якую б ніхто ня ведаў, каму яна падпарадкоўваецца».

Такім чынам магла б узьнікнуць недэмакратычная структура, пра якую б ніхто ня ведаў, каму яна падпарадкоўваецца.

Існуючае агенцтва Frontex базуецца ў Польшчы, яго супрацоўнікі дапамагаюць у ахове зьнешніх межаў ЭЗ, аднак яны абавязаныя падпарадкоўвацца нацыянальным урадам. Frontex зь іншага боку таксама падвяргаюць крытыцы за тое, што дагэтуль ахоўвае межы вельмі сымбалічна, у асноўным дапамагаючы перапоўненым лодкам зь мігрантамі даплыць да берагоў Грэцыі або Італіі. Дарэчы, сярод новых прапановаў Эўракамісіі ёсьць варыянт наўпроставай дастаўкі сырыйскіх уцекачоў з лягераў у Турцыі на тэрыторыю Эўропы, што б захавала іх жыцьці і падарвала бізнэс «чорных перавозчыкаў».

Эўракамісія рэагуе на фактычна новы стан Шэнгену, калі некаторыя краіны Эўразьвязу (Нямеччына, Аўстрыя, Вугоршчына) аднавілі кантроль на сваіх унутраных межах. Да таго ж, як выявілася, два з выканаўцаў нядаўніх тэрактаў у Парыжы патрапілі ў Эўразьвяз разам зь міграцыйнай хваляй праз Грэцыю. Як сьцьвярджаюць у агентуры Frontex, толькі адзін зь пяці чалавек, што прыбылі ў ЭЗ праз мора, быў правераны памежнікам.

Акрамя таго, Эўракамісія таксама хоча, каб вялася абавязковая праверка ў датабазах па грамадзянах Эўразьвязу, якія прыбываюць ў Шэнгенскую зону і выяжджаюць зь яе. Гэты крок ідзе ўсьлед за рашэньнем Злучаных Штатаў прыпыніць бязьвізавы ўезд для эўрапейцаў, якія нядаўна наведвалі Сырыю, Ірак або Іран ці Судан.