Яшын выклікаў Кадырава на сустрэчу

Ільля Яшын на прэзэнтацыі даклада Барыса Нямцова "Пуцін. Вайна" ў цэнтральным офісе партыі РПР-ПАРНАС, 12 траўня 2015 году

Ільля Яшын працуе над экспэртным дакладам, у якім зьвязвае забойства Нямцова з палітычным рэжымам у Чачні.

Расейскі палітык Ільля Яшын апублікаваў адкрыты ліст да Рамзана Кадырава на Facebook. У ім ён называецца «блізкім сябрам і паплечнікам забітага ў лютым Барыса Нямцова».

У лісьце Яшын піша, што дэталёва азнаёміўся з абставінамі забойства Нямцова і лічыць, што сьляды забойцаў вядуць у «афіцыйныя кабінэты Грознага». Ён, зьвяртаючыся да Кадырава, піша, што «палітычны рэжым, створаны вамі ў Чачэнскай рэспубліцы, выяўляе пагрозу ня толькі крытыкам нашае ўлады, але і нацыянальнай бясьпецы Расеі».

Яшын працуе над экспэртным дакладам, «што раскрывае гэтую праблему», але хоча, каб «выніковы тэкст быў аб’ектыўным», таму прапануе Кадыраву асабіста, адкрыта і публічна сустрэцца ў Грозным — «без гарбаты і іншых сантымэнтаў», «як мужчына з мужчынам».

Сам Кадыраў раней абвінавачваў у забойстве апазыцыянэра Барыса Нямцова Ўкраіну і ЗША.