Толькі за тыдзень нафта патаньнела на 10%. У ЗША яна каштуе ўжо 35,6 даляра

Oil

Кошт здабытай у ЗША нафты ўпаў у пятніцу на 3,5 адсотка — да 35 даляраў 62 цэнтаў за барэль. За апошні тыдзень нафта патаньнела больш чым на 10 адсоткаў.

На працягу таргоў цэны нафты маркі Brent і заходнетэхаскай нафты WTI апускаліся больш чым на 5 адсоткаў. Безупыннае падзеньне цэнаў на нафту пачалося на мінулым тыдні пасьля рашэньня краінаў-сябраў АПЭК не скарачаць здабычу нафты. Паводле апошніх дадзеных, сябры арганізацыі дасягнулі ў лістападзе самага высокага з канца 2008 году ўзроўню вытворчасьці нафты, у той час, як Міжнародная энэргетычная агенцыя ў апублікаванай у пятніцу справаздачы адзначае падзеньне сусьветнага попыту на энэрганосьбіты.

Пасьля закрыцьця таргоў зьявілася інфармацыя пра тое, што забарона на экспарт амэрыканскай нафты, уведзеная 40 год таму, можа быць адмененая ўжо ў наступным годзе. Сябры Кангрэсу абмяркоўваюць гэтую меру ў якасьці аднаго з пунктаў новага дзяржаўнага бюджэту. Выхад амэрыканскай нафты на сусьветныя рынкі, хутчэй за ўсё, прывядзе да яе патаньненьня.